Новыя класныя дошкі з’явіліся ва ўстанове адукацыі ў Старых Габах — падаравала іх сталічная кампанія

158

НОВЫЯ класныя дошкі напрыканцы 2021 года з’явіліся ў Старагабскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа. Такі падарунак у межах дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды” зрабіла вучням і педагогам сталічная кампанія па распрацоўцы камп’ютарных праграм “РычБрэйнс Салюшэнс”.

— Выглядала ўсё сапраўды калядным цудам, — расказвае дырэктар установы адукацыі Іван Босы. — Нам патэлефанавалі: “Ведаем, што ваша школа знаходзіцца далёка ад райцэнтра. Каб умацаваць яе матэрыяльна-тэхнічную базу, наблізіць умовы навучання ў малакамплектнай сельскай школе да гарадскіх, хочам аказаць бязвыплатную спонсарскую дапамогу. Можам, напрыклад, абсталяваць адзін клас мэбляй”. Было гэта так нечакана, што мы адразу нават не паверылі. Ці не розыгрыш? А калі ўпэўніліся, што ўсё па-сапраўднаму, задумаліся, якая дапамога найбольш патрэбна. Паставіш мэблю ў адзін клас — астатнім крыўдна будзе. Параіліся на Савеце ўстановы адукацыі і вырашылі набыць дошкі ва ўсе класы.

…І вось 10 новых класных дошак ужо ў школе: кампанія “РычБрэйнс Салюшэнс” аплаціла і іх, і дастаўку. Вядома ж, дзеці рады падарунку. І ведаюць цяпер, што цуды на Каляды сапраўды здараюцца.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.