ДА 50-годдзя НДЦ “Зубраня” выдадуць кнігу пра яго гісторыю, здымуць фільм, правядуць “Юбілейны зубраняцкі марафон” з удзелам алімпійскіх чэмпіёнаў, эстафету “Поколений связующая нить”… Усяго запланавана 50 мерапрыемстваў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. Пра гэта стала вядома падчас прэс-канферэнцыі «“Зубраняці” — 50: вопыт фарміравання ўнікальнага выхаваўча-аздараўленчага аб’екта і цэнтра міжнароднай дзіцячай дыпламатыі», якая адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі.
***
У НАРАЦКАЙ СШ №2 з’явілася галерэя працоўнай славы. Там змешчаны фотаздымкі настаўнікаў Алены Бурко і Ірыны Аніські (пачатковыя класы), Соф’і Байко (беларуская мова і літаратура), Рамуальды Кавалёвай і Ірыны Маслоўскай (руская мова і літаратура), Леаніда Краўчонка (замежная мова), Валянціна Радзевіча (гісторыя), Алены Раманьковай (біялогія), Таццяны Пракоп (геаграфія), а таксама намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Галіны Амельяновіч, прыбіральшчыкаў Тэрэзы Бордун і Ніны Бурко, вадзіцеля Уладзіміра Куцкевіча, шэф-повара Валянціны Канцавой, рабочага па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Васіля Жыліцкага і загадчыка гаспадаркі Раісы Мацяюн. Стварылі Дошку гонару адміністрацыя школы разам з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
***
СВОЙ першы зборнік вершаў “Рамонкавае лета” прэзентавала ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка наша зямлячка Даната Варабей. На сустрэчу з самадзейнай паэтэсай прыйшлі ўдзельнікі клуба “Задушэўная размова”, бібліятэкары і іншыя прыхільнікі літаратурнай творчасці. Даната Варабей нарадзілася ў Заўрутках, жыве і працуе ў Мядзеле.