Новая тэматычная старонка з’явілася на старонках нашай раённай газеты “Нарачанская зара”

77

Вось і яшчэ адна новая тэматычная старонка з’явілася на старонках нашай раённай газеты «Нарачанская зара». Яна — для жанчын і пра жанчын. А называецца — «Беражына». Чаму менавіта так, а не інакш? Ды вельмі проста! Беражына — ад слова берагчы, аберагаць. Так-так, менавіта жанчынам прыродай наканавана быць прадаўжальніцамі роду на зямлі. Прадстаўніцы слабай паловы не толькі даюць жыццё маленькаму чалавеку, але і ахоў­ваюць сваё дзіцятка, аберагаюць, акружаюць ласкай і цяплом. Яны трымаюць на сваіх плячах тры вуглы дома, дзе жывуць, з’яўляюцца захавальніцамі сямейнага ачага. А яшчэ і старанна працуюць над прымнажэннем багаццяў роднай зямлі. Сапраўды, абавязкаў хапае. Тым не менш, не зважаючы на паўсядзённыя клопаты, імкнуцца жанчыны парадаваць сваіх блізкіх смачнымі стравамі, зрабіць утульным жыллё, як мага больш часу ўдзя­ліць дачцэ, сыну, а яш­чэ і справу для душы знайсці — заняцца шыццём, вязаннем, вышыўкай, бісерапляценнем, пачытаць кнігу, паглядзець любімы тэлесерыял…

Мы, супрацоўнікі выдання, пастараемся зра­біць новую тэматычную старонку цікавай і адметнай. Але пры гэтым вельмі спадзяёмся на вашу дапамогу, паважаныя чытачы. Бо ніхто лепш за вас не ведае тых людзей, якія жывуць і працуюць побач з вамі. Давайце будзем расказваць пра руплівых працаўніц, актывістак грамадскага жыцця, добрых матуль і бабуляў, дбайных гас­падынь, выдатных майстрых, пра ці­кавыя мера­прыемствы з удзелам слабай паловы чалавецтва, хобі і заняткі ў вольны час. Будзем ускрываць праблемы, якіх, на жаль, хапае ў нашым хуткаплынным жыцці. Гэта і п’янства, і сацыяльнае сіроцтва, і маючыя месца і ў нашым раёне правапарушэнні і злачынствы… І не толькі ўскрываць, але і старацца рабіць усё, каб такіх негатыўных з’яў было як мага менш. Акрамя таго, можна падзяліцца парадамі наконт эфектыўнага вядзення хатняй гаспадаркі, ашчаднага расходавання сямейнага бюджэту, сакрэтамі падтрымання цёплых узаемаадносін паміж роднымі і блізкімі людзьмі і шмат яшчэ чым ін­шым. Паважаныя чытачы, калі ласка, пішыце нам, тэлефануйце, словам, актыўна супрацоўнічайце!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.