Не ў лес, а на кірмаш. Куды ісці па ялінку?

104

“ВЕЗЕТ лошадка дровеньки, а в дровнях — старичок. Срубил он нашу ёлочку под самый корешок”, — спявае на навагодніх ранішніках не адно пакаленне дзятвы. Між тым у сённяшніх рэаліях старому з песенькі за самавольную высечку дрэўца пагражаў бы штраф, і немаленькі — не факт, што пенсіі хапіла б. Іншая справа, што цяпер ехаць у лес з сякерай няма патрэбы: навагоднія дрэўцы можна купіць, прычым цэны засталіся леташнія.

“Елачкі і сасонкі для продажу нарыхтоўваюцца ў спецыяльна прызначаных месцах, што не супярэчыць лесагадоўчым патрабаванням і не шкодзіць прыродзе”, — рас­казаў вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Нацпарку “Нарачанскі” Артур Царанкоў.

 

 

Продаж навагодніх дрэўцаў на Мядзельшчыне пачаўся ў аўторак і будзе доўжыцца па 31 снежня ўключна (акрамя 25 снежня). Купіць ялінку можна ў канторах лясніцтваў — у будныя дні з 8:00 да 17:00, у выхадныя — з 9:00 да 13:00. Таксама працуюць ёлачныя кірмашы:
* у Мядзеле (вуліцы Ленінская, 21 і Нарачанская, 63 — па суботах з 9:00 да 13:00),
* у к. п. Нарач (на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Кастрыч­ніцкай — 28 снежня з 10:00 да 14:00),
* у аграгарадку Нарач (на цэнтральнай плошчы — 29 снежня з 10:00 да 14:00),
* у Свіры (вуліца Савецкая, 30 — у будныя дні з 17:00 да 20:00),
* у Крывічах (вуліца 17 Верасня, 8 — па суботах з 9:00 да 13:00).

Разлічвацца трэба наяўнымі грашыма. Пасля аплаты вам выпішуць квітанцыю, якая пацвярджае, што ялінка набыта законным шляхам. Дрэўца вышынёй да метра каштуе 8 рублёў, ад 1,1 метра да 2-х — 10. Ад 2,1 да 3-х метраў — 30 рублёў, ад 3,1 да 4-х — 48 рублёў. Дрэва вышынёй ад 4,1 да 8 метраў каштуе 143 рублі. Ну, а калі вам патрэбна яшчэ вышэйшае, давядзецца за­плаціць 176,6 рубля.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Цэны — дакладна на ўзроўні мінулагодніх. Штраф жа за незаконную высечку для
грамадзян — да 30-ці базавых велічынь — як і летась. Іншая справа, што год таму гэта было 870 рублёў, а сёлета — 960. Да таго ж, давядзецца кампенсаваць нанесены навакольнаму асяроддзю ўрон.