Навялі парадак на тэрыторыі могільніка

76

Навялі парадак на тэрыторыі могільнікаНАВЯДЗЕННЕ парадку на зямлі — адна з галоўных задач, пра якія павінен клапаціцца кожны жыхар Беларусі. Вось і жыхары нашай невялікай вёсачкі Кулікі, якая знаходзіцца непадалёку ад райцэнтра, вырашылі прывесці ў належны выгляд месца пахавання родных, суседзяў. З гэтай мэтай арганізавалі суботнік. Аднак прыйшлі на яго не ўсе. Сабралася мала людзей, запланаваны аб’ём работ не змаглі напачатку выканаць: навялі парадак толькі на тэрыторыі могільніка. Не хапіла рук, каб прыбраць кучы смецця ўздоўж агароджы, ад якіх іржой пакрывалася сетка. На жаль, яны яшчэ некаторы час так і заставаліся там ляжаць, надаючы непрывабны выгляд святому месцу.

Ідэя пашырыць могільнік з’явілася ў нас даўно. А крыху больш года таму звярнуліся да кіраўніцтва Мядзельскага сельвыканкама з просьбай дапамагчы набыць матэрыялы, каб загарадзіць новы ўчастак. Прыемна, што наш зварот быў пачуты. Для гэтай мэты былі выдзелены і завезены драўляныя шчыты. Але яны ляжалі мёртвым грузам за старой агароджай. Ды і сама вёсачка нечакана для ўсіх як бы падзялілася на дзве часткі: адны жыхары выступалі за пашырэнне тэрыторыі могільніка, другія — былі супраць. Яны тлумачылі гэта тым, што і так няма каму там наводзіць парадак.

Аднак, дзякуючы энтузіязму Франца Вітольдавіча Абодзіча, справа ўсё ж такі незадоўга да пачатку зімы скранулася з мёртвай кропкі. Хоць і няшмат прыйшло мужчын, але работа заладзілася. З дапамогай пагрузчыка “Амкадор”, наконт якога дамовіліся з дырэктарам ААТ “Мядзелаграсэрвіс” Пятром Пятровічам Баранавым, адгарнулі смецце, завезлі пясок, зраўнялі яго. Тэрыторыя могільніка пашырылася, атрымалася сапраўды нядрэнна. Але цяпер ужо нам не захацелася выкарыстоўваць для агароджы праляжаўшыя амаль год драўляныя шчыты. Вырашылі замяніць іх сеткай. Наконт яе набыцця вялася неаднаразова размова з усімі жыхарамі населенага пункта. Урэшце грошы былі сабраны, неабходная колькасць сеткі закуплена і ўстаноўлена. Але тут узнікла новая неадкладная задача. Справа ў тым, што цяпер вельмі кідаўся ў вочы яшчэ з восені непрыбраны ўчастак могільніка. Нездарма кажуць, што абы былі грошы, тады ўсё зробіш. Вось і мы знайшлі касілку, а таксама чалавека, які ўзяўся скасіць старую траву. Пасля прыйшлі жанчыны, якія яе зграбілі. І хоць у той дзень ішоў дождж, але ён не перашкаджаў працы. Наадварот, усе завіхаліся шпарчэй, бо разумелі, што назаўтра надвор’е яшчэ можа пагоршыцца, тым больш, што сіноптыкі абяцалі снег. А таму і скошаную траву зграбілі, вынеслі, і пясок разгарнулі, і ямы засыпалі… Прыемна было назіраць, як стараліся і мужчыны, і жанчыны. Аднак, на жаль, выйшлі на суботнік па добраўпарадкаванні могільніка не ўсе жыхары Кулікоў, хоць многія абяцалі дапамагчы. Балюча бачыць такую абыякавасць асобных маіх аднавяскоўцаў да знешняга выгляду месца, дзе знайшлі спачын іх родныя і блізкія. А таму вельмі хочацца, каб надалей падчас такіх суботнікаў актыўнасць насельніцтва была значна большай.

У той жа час, хачу шчыра падзякаваць за руплівасць васьмідзесяцігадоваму жыхару Кулікоў Зянону Ула-дзіміравічу Шынкевічу і яго жонцы Салюні Генрыхаўне, якой ужо таксама за 75 год. Яны ўдваіх без адпачынку на працягу чатырох гадзін старанна высякалі, а месцамі выразалі з дапамогай пілы атожылкі дрэў і кустоўе, якім зарасла тэрыторыя за могільнікам. На будучае плануем закупіць ядахімікаты, каб знішчыць парасткі бэзу, якія запаланілі ў розных кутках могільнік. А вясной ёсць задумка пасеяць уздоўж сеткі, каб не расла крапіва, белую канюшыну. Ды і тры старыя сасны патрэбна спілаваць, каб з часам не нарабілі бяды, паваліўшыся на помнікі. Толькі з імі без спецыяльнай тэхнікі не даць рады…

Драўляныя шчыты, якія не выкарысталі на агароджу могільніка, параіўшыся з кіраўніцтвам сельвыканкама, выдзелілі інваліду другой групы Станіславу Аляксандравічу Кундру. Ля яго хаты наогул няма плота. Паставіць яго самому не пад сілу. А так будзе ўсім добра: і чалавеку дапаможам, і вёска больш прывабна выглядаць стане.

Карыстаючыся выпадкам, ад імя сваіх аднавяскоўцаў хачу выказаць удзячныя словы ў адрас мясцовай улады на чале са старшынёй сельвыканкама Вячаславам Рыгоравічам Стрэжам. За разуменне нашых праблем, шчырую дапамогу ў вырашэнні хвалюючых пытанняў, адным з якіх і стала навядзенне парадку на вясковым могільніку.

Л. ВАЎЧОК.

Старэйшына вёскі Кулікі.