Навучым даглядаць цяжкахворых

93
Часта, калі ў сям’і з’яўляецца чалавек, па прычыне хваробы прыкаваны да ложка, блізкія не ведаюць, як сябе з ім паводзіць і што рабіць.

Калі ў дом прыйшла бяда — цяжка захварэў нехта з родных, сэрца разрываецца ад бяссілля і роспачы. Не ведаеш, як яму дапамагчы, што зрабіць. Але не толькі гэта хвалюе. Бо хворага трэба яшчэ і даглядаць, штодзённа назіраць за яго пакутамі. А гэта вельмі складана.
На дапамогу ў няпростай сітуацыі можа прыйсці Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ва ўстанове арганізавана навучанне догляду за непрацаздольнымі грамадзянамі. Прычым такая сацыяльная паслуга аказваецца ахвотным бясплатна.
На жаль, цяжкая хвароба блізкага чалавека змяняе жыццё ўсёй сям’і. Аднак, калі засвоіць неабходныя навыкі і правільна арганізаваць догляд, то гэты няпросты штодзённы занятак можа праходзіць без эмацыйнага выгарання і фізічнага знясілення. Важна толькі, каб чалавек, які даглядае цяжкахворага, рабіў гэта прафесійна і максімальна беражліва для ўласнага здароўя.
Вучэбны кабінет, дзе праходзяць заняткі, размяшчаецца ў абсталяваным памяшканні. Там ёсць неабходныя сродкі рэабілітацыі, прыстасаванні, а таксама сродкі догляду за ляжачымі людзьмі. Умовы максімальна набліжаны да дамашніх. У працэсе навучання — мінімум тэорыі і максімум практыкі. У дапамогу — метадычная літаратура, відэаролікі. Праводзяцца пры неабходнасці і індывідуальныя заняткі. Калі няма магчымасці пакінуць ляжачага хворага з кімсьці са сваякоў, спецыяліст можа прыйсці сам да вас і арганізаваць навучанне надомна.
Навучанне ажыццяўляе толькі работнік, які закончыў спецыяльныя курсы па доглядзе цяжкахворых людзей. Па больш падрабязную інфармацыю неабходна звяртацца па нумары 40-1-60.
Валянціна БЕРНЯКОВІЧ,
загадчык аддзялення надомнай сацыяльнай дапамогі Мядзельскага ТЦСАН.