Навіны Мядзельшчыны

69

Навіны МядзельшчыныЭлектрастанцыю на сонечных элементах плануецца пабудаваць ля аўтадарогі Вільнюс — Полацк у раёне вёскі Швакшты. Рэалізацыя праекта намечана на 2014-2015 гады, заяўлены аб’ём інвестыцый — 12 мільёнаў долараў. Гэтыя сродкі збіраецца ўкласці літоўская кампанія. Электрастанцыя ўяўляе цікавасць і як альтэрнатыўная крыніца электраэнергіі, і як турыстычны аб’ект.

Па выніках першага адборачнага тура чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?”, які адбыўся ў мінулую суботу ў Вілейцы, дыпломам І ступені ўзнагароджана каманда “Матрыкс” гімназіі-інтэрната (трэнер — настаўнік інфарматыкі Вячаслаў Саўчык). Другі тур інтэлектуальнай гульні адбудзецца 19 студзеня.

Эльвіра Місевіч са Свіры (цяпер працуе ў Наваполацку) некалькі гадоў даследуе традыцыі Мядзельшчыны. Нядаўна наша зямлячка прэзентавала сваю работу пра мясцовую кулінарыю ў Літве на кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Матэрыялы былі сабраны ў Камарове, Канстанцінаве, Крывічах, Свіры, Мядзеле. Знайсці адмысловых кулінарак з ліку доўгажыхарак дапамагалі сельвыканкамы.

У панядзелак на базе гімназіі-інтэрната адбылося метадычнае аб’яднанне настаўнікаў замежных моў. Адкрыты ўрок па тэме “Сістэма адукацыі Вялікабрытаніі” ў 11 класе правяла Лідзія Анішкевіч.