Навіны Мядзельшчыны

111

Навіны МядзельшчыныРАЁННАЯ інспекцыя Дзяржтэхнагляду праверыла ў гаспадарках Мядзельшчыны мехдвары і пастаноўку тэхнікі на зімовае захоўванне. Найбольш грунтоўна праведзена гэта работа ў акцыянерных таварыствах “Свір-Агра”, “Сваткі”, “Будслаўскае”. А вось ва УП “Княгінін-Агра”, ААТ “Пруднікі-Агра” і “Слабодская зара” патрэбна яшчэ нямала папрацаваць. На кіраўнікоў і інжынерных работнікаў за выяўленыя парушэнні накладзена адміністрацыйнае спагнанне.

ВА ўстановах адукацыі раёна падчас асенніх канікулаў працуюць 7 лагераў з дзённым знаходжаннем. Такія лагеры арганізаваны ў Мя¬дзельскай СШ №1, Нарацкай СШ №2, Будслаўскай, Слабодскай, Свірскай, Сваткаўскай сярэдніх школах і Старагабскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа.

ВУЧНІ Будслаўскай СШ А. Рудкоўская і А. Роўда вызначыліся ў спаборніцтвах па кросе на прызы газеты “Мінская праўда”. На фінішы дыстанцыі тысячу метраў Анастасія ў сваёй узроставай групе была другой, Антон заняў 4-е месца на двухкіламетроўцы. А затым юныя бегуны з Будслава ў складзе каманды Мінскай вобласці прынялі ўдзел у чэмпіянаце і першынстве Беларусі па лёгкаатлетычным кросе, які прайшоў у мінулую суботу ў Мінску.

У МІНУЛЫ панядзелак у гімназіі-інтэрнаце г. Мядзел адбыўся конкурс экалагічных агітбрыгад школ раёна па тэме: “Прапаганда раздзельнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў”. Былі прэзентаваны праграмы дзевяці ўстаноў адукацыі. Лепшымі прызнаны выступленні агітбрыгад ДУА “Сырмежскі ВПК д/с-сярэдняя школа” і гімназіі. Яны прымуць удзел у заключным этапе абласнога конкурсу.