Навіны Мядзельшчыны

74

Навіны МядзельшчыныАДБЫЛОСЯ пасяджэнне раённага савета грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Разгледжана дзейнасць савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры Нарацкім сельвыканкаме. Па гэтым пытанні, а таксама аб выхаваўча-прафілактычнай рабоце з асобамі, якія стаяць на прафілактычным уліку, праінфармавала вядучы спецыяліст сельвыканкама Л. В. Аблам. Прааналізаваў стан грамадскага парадку на тэрыторыі Нарацкага сельсавета намеснік начальніка РАУС Ю. М. Жалубоўскі.

КЛУБ аматараў песні “Верасень” (мастацкі кіраўнік лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі С. С. Іванова) атрымаў ганаровае званне “народны”. Паклоннікі віншуюць самадзейных артыстаў-энтузіястаў, улюбёных у песню, з гэтай нагоды і зычаць ім новых творчых поспехаў. Дарэчы, зараз на Мядзельшчыне налічваецца сем народных і адзін узорны самадзейныя калектывы.

26 КАСТРЫЧНІКА 2013 года ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй. Пачатак мерапрыемства ў 11 гадзін. Усіх, хто жадае пазнаёміцца з гэтай навучальнай установай, чакаюць па адрасе: г. Мінск, праспект Машэрава, 6.

У МАР’ІНАЙ Горцы адбыўся фінал чэмпіянату ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама па валейболе. Паспяхова выступіла на гэтых спаборніцтвах каманда Мядзельскага РАУС, якая заняла ў выніку 3-е месца.