Навіны Мядзельшчыны

71

Навіны МядзельшчыныПА стану на 27 жніўня збожжавыя ў раёне ўбраны на плошчы 14166 га, што складае 96 працэнтаў. Найбольшую ўраджайнасць маюць хлебаробы ААТ “Сваткі”, дзе ў сярэднім атрымалі на круг па 28,5 цэнтнера збожжа, у ААТ “Свір-Агра” — 27,3 ц/га. Вядуць у гаспадарках і сяўбу азімых. Управіліся ўжо на рапсавым палетку ў ААТ “Сваткі” і ПСГ “Дзягілі”, завяршаюць гэту работу ў таварыствах “Занарацкі”, “Будслаўскае” і “Княгінін-Агра”.

ДУ «МТЦСАН» правёў акцыю “Школьная пара. Першакласнік” для шматдзетных сем’яў Будслаўскага і Крывіцкага сельсаветаў, дзе ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўпершыню пойдуць 1-га верасня ў школу. Дабрачынную дапамогу ў правядзенні гэтай акцыі аказала ААТ “Тэхнатэра”.

ПАДВЕДЗЕНЫ вынікі спаборніцтва сярод калектываў аддзяленняў паштовай сувязі за першае паўгоддзе бягучага года. Першае месца прысуджана перасоўнаму аддзяленню паштовай сувязі №2 (начальнік І. Ч. Протас). Другое месца заняло аддзяленне паштовай сувязі Камарова (начальнік С. Л. Фалевіч). Званне “Лепшы па прафесіі” прысвоена начальніку перасоўнага аддзялення паштовай сувязі №2 І. Ч. Протас і паштальёну ўчастка па апрацоўцы і абмену пошты Т. В. Сікора.

У МЯДЗЕЛЬСКІМ музеі Народнай славы распачалася выстава работ члена-карэспандэнта Пятроўскай акадэміі навук і мастацтва Леаніда Безнаса. Называецца яна “Радзіма”. На выставе можна пабачыць шмат пейзажаў з краявідамі Нарачанскага краю, нацюрмортаў.