Навіны Мядзельшчыны

106

Навіны МядзельшчыныГрупа выхаванцаў Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу наведала адну з гульняў Каляднага турніра аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі, якая прайшла 7 студзеня ў «Чыжоўка-арэне» ў Мінску. Матч падлеткам спадабаўся.

***

У Мядзеле 12 студзеня прайшоў агульны сход раённай структурнай арганізацыі ДТСААФ. На ім падвялі вынікі працы за год, выказалі словы падзякі былому старшыні Мікалаю Вараб’ю за вялікую работу. Новым старшынёй раённай арганізацыі абралі Міхаіла Чаркасава. На сходзе прысутнічаў намеснік старшыні арганізацыйнай структуры горада Мінска і сталічнай вобласці Генадзь Емяльянаў.

***

У выставачнай зале Цэнтра творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна аформілі выставу «Зімовыя ўзоры». Творы прадаставілі навучэнцы і педагогі аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра і ўстаноў адукацыі Мядзельшчыны. На днях выставу наведалі дзеці з Нарацкай сярэдняй школы №2. Яны не толькі змаглі ўбачыць вырабы ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, а некаторыя — і выпрабаваць у дзеянні, паведамілі ў цэнтры.

***

У НДЦ «Зубраня» 14 студзеня адбылося свята адкрыцця змены «Лідар-клуб, ці Тэрыторыя магчымасцей». У яркім і маляўнічым прадстаўленні дзеці пабачылі прэзентацыю спраў змены, пазнаёміліся з аб’яднаннямі, у якіх ім трэба будзе працаваць.