Навіны Мядзельшчыны

83

Навіны МядзельшчыныУ ГЭТЫЯ ліпеньскія дні някепскіх паказчыкаў дабіваюцца жывёлаводы НП «Нарачанскі», дзе сярэднесутачны надой малака ад каровы складае 19 кілаграмаў, што на адзін кілаграм больш, чым летась.

ЗАВЯРШЫЛІ ўборку азімага рапсу механізатары ААТ «Свір-Агра», дзе ён вырошчваўся на 278 гектарах. Найвышэйшая ўраджайнасць гэтай культуры ў ААТ «Сваткі» — 25 цэнтнераў з гектара.

ДВУМА новымі аўтобусамі «ПАЗ» (на 25 пасадачных месцаў кожны) папоўніўся аўтапарк аддзела адукацыі. А ўсяго для падвозу 935 сельскіх дзяцей да месца вучобы і ва ўстановы дашкольнай адукацыі сёлета будуць выкарыстоўвацца 15 аўтобусаў.У ФОНДЫ бібліятэк Мядзельскай ЦБС паступіў зборнік паэзіі «Беларускі ручнік», які выпушчаны ў «выдавецкім доме «Звязда». У кнігу ўключаны вершы, якія раней друкаваліся ў газеце «Беларуская ніва» ў рубрыцы «Беларускі ручнік». Сярод аўтараў сустракаюцца прозвішчы С. Валодзькі, У. Дубоўкі, А. Нафрановіча, якімі можа ганарыцца Мядзельшчына.

З ПАЧАТКУ года дэндрасад НП «Нарачанскі» наведалі каля 2000 экскурсантаў. У «трохзоркавым» гасцінічным комплексе «Нарач» жылі, харчаваліся і адпачывалі 1600 наведвальнікаў азёрнага краю, у тым ліку больш за 700 замежных грамадзян.

ТАВАРЫСТВА з абмежаванай адказнасцю «Друкарня Макарава і К» выпусціла новы тэлефонны даведнік Мядзельскага раёна. Набыць яго можна ў аддзяленнях паштовай сувязі.