Навіны Мядзельшчыны

74

Навіны МядзельшчыныУ цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Танка разгорнута выстава “Жывая святыня, жывая малітва…”, прысвечаная 400-годдзю з’яўлення ў Будславе цудатворнага абраза Маці Божай. На ёй можна ўбачыць абраз Апякункі Беларусі, даведацца шмат цікавага пра гісторыю санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, пра першыя пілігрымкі да святыні. Ёсць і газетныя публікацыі, у тым ліку і з раённага перыядычнага выдання, розных гадоў, апавядаючыя пра правядзенне штогадовых урачыстасцей у гонар Маці Божай Будслаўскай.

На мінулым тыдні Мінскі філіял РУП “Белпошта” правёў першы этап гульні “Брэйн-рынг”, якая называлася “Эрудыраваны сувязіст”. Паштовую сувязь Мядзельшчыны прадстаўляў інжынер-электронік Аляксандр Яўгенавіч Бесарабаў. Дарэчы каманда, у складзе якой выступаў наш зямляк, заняла па выніках гульні другое месца.

Пазаўчора пабывалі на цыркавым прадстаўленні ў Мінску разам з бацькамі дзеці работнікаў раённага вузла электрасувязі. Усе былі ў захапленні ад дрэсіраваных сланоў, ламаў, сабачак. Спадабаліся таксама клоуны, акрабаты, гімнасты…

Змянілася аплата за паслугі сацработніка, якія прадастаўляе аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму Мядзельскага ТЦСАН. Яны аказваюцца дарма адзінокім малазабяспечаным непрацаздольным грамадзянам, калі размер атрымліваемых імі даходаў не перавышае 100% зацверджанага бюджэту пражытачнага мінімуму. На ўмовах частковай аплаты — адзінокім непрацаздольным грамадзянам (сем’ям), сярэднедушавы даход якіх не перавышае 200% зацверджанага бюджэту пражытачнага мінімуму. Усім астатнім непрацаздольным грамадзянам такія паслугі аказваюцца на ўмовах поўнай аплаты.