Навіны Мядзельшчыны

69

Навіны Мядзельшчыны23 ЧЭРВЕНЯ бягучага года Мядзельшчыну наведае група самадзейных кампазітараў і паэтаў Міншчыны — удзельнікаў народнага клуба “Жывіца”, створанага пры абласным цэнтры народнай творчасці. Госці плануюць наведаць магілу вядомага беларускага песняра Максіма Танка, пабываць у Мядзельскім музеі Народнай славы, у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Танка, сустрэцца з членамі клуба “Медуніца”, які працуе пры гэтай бібліятэчнай установе. А ў 14 гадзін у зале ГДК адбудзецца сумесная канцэртная праграма пад назвай “Чэрвень граў на струнах лета”, у якой, акрамя гасцей, прымуць удзел самадзейныя аўтары і выканаўцы з нашага азёрнага краю.

У МІНУЛЫ аўторак у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі адбыўся абласны Дзень падпісчыка. Удзел у яго правядзенні прыняла і рэдакцыя раённай газеты “Нарачанская зара”. Падчас акцыі выпісаны 264 экзэмпляры перыядычных выданняў, у тым ліку 55 — раённай газеты “Нарачанская зара”. Аформлена падпіска ў гэты дзень на суму звыш 18 мільёнаў 700 тысяч рублёў.

26 ЧЭРВЕНЯ 2013 года з нагоды Дня адвакатуры Рэспублікі Беларусь адвакаты юрыдычнай кансультацыі раёна будуць весці прыём маламаёмасных грамадзян і даваць ім бясплатныя юрыдычныя кансультацыі. Звяртацца па адрасе: г. Мядзел, вул. Крупскай, 15, юрыдычная кансультацыя. Час прыёму з 9.00 да 17.00. Тэлефон для даведак: 55-9-90.