Настаўнік для вадзіцеляў

135

6 лістапада для Мядзельскай раённай арганізацыйнай структуры Добраахвотнага таварыства садзейнічання  арміі, авіяцыі і флоту быў асаблівы дзень. У гэту дату 19 год таму яна стала асобным фарміраваннем.

Напярэдадні свята сустрэлася з майстрам вытворчага навучання кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі Пятром Коршунам. І размова наша пра прызначэнне і будні сённяшняй арганізацыйнай структуры  ДТСААФ, а таксама пра самога Пятра Сямёнавіча.

Настаўнік для вадзіцеляў

Пётр Коршун родам з вёскі Круці, што на Мядзельшчыне. Вучыўся напачатку ў Лук’янавічах, пасля ў Мядзеле. У школе райцэнтра атрымаў пасведчанне вадзіцеля. З ім і ў армію пайшоў, дзе ў вучэбцы ў Печах яму прысвоілі кваліфікацыю інструктара калёсных машын. Пасля дэмабілізацыі з войска юнака запрасілі на працу ў ДТСААФ. Так і пачаў ён навучаць тэхніцы ваджэння аўтамабіля. Пазней вопытнага майстра пераманілі ў Мядзельскі вучэбна-вытворчы камбінат, дзе адпрацаваў з 1978-га па 2014 год. Вызначаўся добрасумленнасцю і стараннем. Ды і старшакласнікі, якіх навучаў навыкам вадзіцеля, яго любілі і паважалі.

Калі вучэбна-вытворчы камбінат закрылі, Пятра Сямёнавіча зноў запрасілі ў ДТСААФ. З таго часу ён і рыхтуе там вадзіцеляў катэгорыі “В”.

— Умовы для работы ў нас выдатныя, — кажа мой суразмоўца. — Ёсць два вучэбныя класы — у райцэнтры і ў курортным пасёлку Нарач, уласны аўтадром у Мядзеле, падрыхтаваныя аўтамабілі і кадры. Нашы вучні — людзі рознага ўзросту, ад школьнікаў і да пенсіянераў.

— Як вам з імі працуецца?

— Па-рознаму, але ў цэлым нармальна. Шмат зараз прыходзіць да нас жанчын. Іх жаданне навучыцца вадзіць машыну выдатна разумею. Ім хочацца самастойнасці, а галоўнае — у любы момант самім сесці за руль, каб з’ездзіць па справах. Напрыклад, забраць ці адвезці дзяцей у школу альбо дзіцячы сад.

— Праца ваша складаная і адказная. Згодны са мной?

— Вядома. Самі разумееце, што за руль аўтамабіля садзіцца пераважна чалавек, які дагэтуль не ездзіў на машыне. Трэба даць яму не толькі веды, але і багаж навыкаў, каб ён у сядзенні вадзіцеля адчуваў сябе ўпэўнена, мог, не баючыся, стаць паўнапраўным удзельнікам дарожнага руху. Ваджэнню адразу навучаем на аўтадроме, а пасля і па горадзе, каб адпрацаваць скрыжаванні, павароты, навучыцца разварочваць машыну, здзяйсняць розныя іншыя манеўры.

— А каго лягчэй навучаць, мужчын ці жанчын?

— Адназначна так і не скажу. Гэта залежыць ад самога чалавека — яго здольнасцей, характару. Іншы раз нашмат прасцей з дзяўчатамі бывае, чым з хлопцамі. Тое, што жаночая палова лепш, чым мужчынская, ведае правілы дарожнага руху, зазначаю ўпэўнена. З ваджэннем — справа іншая. Там — перавага ў асноўным на баку мужчын, хоць і яны розныя бываюць. Найцяжэй — з жанчынамі старэйшага ўзросту. Цяпер нават пенсіянеры хочуць кіраваць машынай. Некаторыя і па некалькі гадоў перавучваюцца. Мужчына 75-ці год з Нарачы два гады здаваў на правы, але ўсё ж іх атрымаў… Так што тут і ўпартасць патрэбна, а яшчэ настойлівасць, жаданне не здавацца, ісці да канца.

— Хто з вамі яшчэ працуе?

— Яшчэ адзін майстар вытворчага навучання кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі — Валянцін Купрэвіч. Ён толькі месяц працуе на гэтай пасадзе. Тэорыю выкладае Мікалай Варабей. Узначальвае раённую арганізацыйную структуру ДТСААФ Міхаіл Чаркасаў. Ён, здараецца, нас, майстроў вытворчага навучання, падмяняе. Бухгалтар — Святлана Балаховіч. Вось і ўвесь калектыў — невялікі, дружны.

Міхаіл Чаркасаў назваў Пятра Коршуна майстрам-прафесіяналам. А яшчэ і неабыякавым, шчырым, прыстойным чалавекам, які вельмі перажывае за сваіх вучняў.

— Усё, што ведае сам, Пётр Сямёнавіч стараецца перадаць падапечным, — кажа Міхаіл Чаркасаў. — Нездарма курсанты, якія вучыліся ў яго, дагэтуль успамінаюць пра настаўніка высокага класа. І калі хто з іх знаёмых збіраецца вучыцца за вадзіцеля, раяць трапіць менавіта да Коршуна. Дарэчы, да 95-годдзя грамадскага фарміравання Пётр Сямёнавіч быў удастоены нагруднага знака “Ганаровы знак” рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “ Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту” (ДТСААФ).

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Наталлі Лісіцкай.