Нарачанскі край — другая радзіма для Галіны Ціхановіч

70

Нарачанскі край -- другая радзіма для Галіны ЦіхановічГАЛІНУ Ціхановіч лёгка зблытаць з нявопытным спецыялістам, так молада яна выглядае. Між тым, мае ў скарбонцы ўжо два дзесяцігоддзі працоўнага стажу. На адным месцы, у санаторыі «Жураўка». А займае яна пасаду тэхнолага, адказвае за якасць прыгатавання страў для адпачываючых.

— Як усё распачыналася, як трапілі на Мядзельшчыну? — цікаўлюся ў Галіны Іванаўны.

— Трапіла выпадкова. У Баранавіцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы набывала прафесію повара. Прыехала сюды на адпачынак. Шчыра скажу, уразіла, зачаравала мяне Нарач. Таму, калі паўстала пытанне аб працаўладкаванні, ніякіх ваганняў не было: толькі на Нарач і толькі ў санаторый «Жураўка», — чую ў адказ.

Прыйшоўшы ў прафесію, Галіна імкнулася актыўна ўдзельнічаць у розных конкурсах, спаборніцтвах па кулінарным мастацтве. Ездзіла абменьвацца вопытам. Паступова, прыступка за прыступкай яна пашырала свае веды і заваёўвала прызавыя месцы ў розных спаборніцтвах сярод повараў. Дзяўчына разумела, што трэба старацца, шмат вучыцца ў вопытных людзей, і галоўнае — самой заўсёды імкнуцца станавіцца лепшай. Старанне і руплівасць Галіны не засталіся незаўважанымі кіраўніцтвам здраўніцы. Яе прызначылі на пасаду шэф-повара. Але дзяўчына ўсведамляла, што, каб дабіцца ў жыцці чагосьці большага, патрэбна мець адукацыю. Вось і паступіла ў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум на завочнае аддзяленне на тэхніка-тэхнолага. Праца, вучоба — клопатаў, здаецца, хоць адбаўляй. Аднак яна паспявае ўсюды: і на працы, і ў вучобе. Шмат разоў была ўзнагароджана за добрасумленную працу дыпломамі і граматамі, заахвочана прэміямі і падарункамі, не раз яе прозвішча гучала ў ліку лепшых.

— Закончыўшы тэхнікум, а гэта было ў 1995 годзе, атрымала вышэйшы разрад. Тады мне прапанавалі пасаду тэхнолага. Дала згоду. Вось так і працую, — усміхаецца Галіна. — Здаецца, было зусім нядаўна, а маю ўжо дваццаць гадоў працоўнага стажу. Сёлета на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу мяне ўшаноўвалі. Павязалі стужку, уручылі пасведчанне «Ветэран працы». Хутка ляціць час…

Для дзяўчыны са Стаўбцоўскага раёна Нарачанская зямля стала другой радзімай.

— Тут мне ўсё міла і дорага: і санаторый, і калектыў, у якім працую столькі год. Нядаўна тут знайшла свайго спадарожніка жыцця. Сяргей родам з Горак Магілёўскай вобласці. Пераехаў на Мядзельшчыну. Ён працуе ў «Нарачпрафбудзе». Будуем кватэру. Ведаеце, як тут добра жыць! Ціха, спакойна. Няма гарадской мітусні. Чыстае паветра. Вельмі ўдзячна лёсу, што трапіла менавіта ў гэты цудоўнейшы куточак Беларусі, — працягвае размову Галіна Іванаўна. — У гэты дружны і зладжаны калектыў.

Яна з задавальненнем расказала, што ўсе з адказнасцю адносяцца да выканання службовых абавязкаў. Прыклад падае загадчыца вытворчасці Аліна Барэль, якая на гэтай пасадзе завіхаецца ўжо шэсць гадоў. Шмат шчырых, удзячных слоў адрасавала тэхнолаг поварам Алене Сычовай, Аксане Голубевай, Яўгену Валасевічу, Таццяне Сямашка. Яны ўмеюць гатаваць смачныя стравы, чым выклікаюць задавальненне і падзякі адпачываючых.

— Дырэкцыя здраўніцы з разуменнем ставіцца да праблем харчблоку. Яна не шкадуе сродкаў для набыцця сучаснага абсталявання. Маем добрыя халадзільнікі, печкі. Абсталявалі належным чынам банкетную залу. У цэхах замянілі вокны. Набылі новую машыну для мыйкі посуду. Зараз яе ўстанаўліваюць. Таму дзякуй Аляксандру Іванавічу Даніленку за клопат пра нас, — дадае Галіна Ціхановіч.

Здраўніца запоўнена круглы год. Нядаўна адпачывалі бацькі з дзецьмі-інвалідамі, шмат жыхароў Расіі.

— Ці задаволены адпачываючыя харчаваннем? — цікаўлюся ў тэхнолага.

— Так. Пытанняў не ўзнікае. Меню ў нас заказное, разнастайнае. Распрацавана па сезонах. Прадугледжаны дыеты. Добры выбар мясных і рыбных страў, салатаў. Зімой у меню абавязкова свежая садавіна і гародніна. Шмат зеляніны, — чую ў адказ. — Зараз укаранілі элементы «шведскага стала». Людзі маюць магчымасць выбраць па сваім гусце і кандытарскія вырабы, і салаты.

— Робім усё магчымае, каб чалавек пайшоў з абедзеннай залы задаволены. Разумеем, што паўнацэннае харчаванне — важнейшы элемент адпачынку і аздараўлення. Таму ўсе работнікі харчблоку імкнуцца дарыць радасць людзям, якія сюды прыходзяць. Да кожнага чалавека адносяцца з павагай. А ў выніку статус нашай здраўніцы толькі ўмацоўваецца, — дадае загадчыца вытворчасці Аліна Барэль.

— Дзе вы бавіце вольны час, дзе адпачываеце? — пытаюся ў Галіны Іванаўна.

— Шчыра кажучы, вольнага часу заўсёды не хапае. А калі здараюцца такія хвіліны, душой адпачываю на прыродзе. Вельмі люблю возера, дзе плаваюць лебедзі. Вясной люблю назіраць, як абуджаецца прырода, як наўкола ўсё зелянее. А зіма!? Гэта такая прыгажосць, калі снег павольна апускаецца на зямлю… З задавальненнем гуляю па лесе. Менавіта тут набіраюся сіл і добрых эмоцый, каб зноў дарыць людзям асалоду ад ежы, смачна прыгатаванай для іх з душою, — крыху падумаўшы, адказвае Галіна Ціхановіч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: тэхнолаг Галіна Ціхановіч.

Фота Георгія Прысмакова.