На варце жыцця людзей

91

image2s25 КРАСАВІКА бягучага года спаўняецца 140 год з дня стварэння на землях Беларусі таварыства выратавання на водах. Напярэдадні юбілею сустрэўся са старшынёй раённай арганізацыі дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускага рэспубліканскага таварыст­ва выратавання на водах» Д. Т. МЯЛЕШКАМ і пагутарыў на ўзгаданую тэму.

— Дзмітрый Тадэвуша­віч, раскажыце, калі ласка, як і калі была створана арганізацыя выратавання на водах?

— Першай арганізацыяй гэтага таварыства было акружное праўленне ў Віцеб­скай губерні, створанае 25 красавіка 1872 года. Беларускія землі тады ўвахо­дзі­лі ў склад Расійскай імперыі. У лістападзе 1982 года імператар падараваў таварыству назву «Імперскае Расій­скае Таварыства выратавання на водах», а праз два гады зацвердзілі новы статут, у якім змяшчаліся малюнкі яго флага, пячаткі, нагрудных медалёў і знакаў.

Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах было арганізавана пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР 10 красавіка 1970 года. Але вельмі важнае значэнне для паляпшэння яго дзейнасці ў нашай краіне мае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за № 298 ад 29 ліпеня 2004 года «Пытанні Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах». Значную ролю для развіцця абласной арганізацыі адыгрывае рашэнне аблвыканкама за № 331 ад 29 сакавіка 2010 года «Аб мерах па папярэджанні гібелі людзей на водах».

— Што сабой уяўляе абласная і раённая арганізацыі выратавання на водах?

— Гэта 22 раённыя і адна гарадская арганізацыі, 1411 пярвічных, 7 выратавальных станцый і 16 выратавальных пастоў. Што датычыць Мя­дзельшчыны, то на яе тэрыторыі знаходзяцца тры выратавальныя станцыі: «Зубраня», «Нарач» і «Мядзел», на якіх працуе да 50 чалавек. Ні ў адным з раёнаў вобласці няма столькі станцый. Яно і зразумела, Мядзельшчына — край азёр.

— Ваша асноўная задача — недапушчэнне гібелі людзей на вадзе. Як яна выконваецца?

— У паўсядзённай рабоце вялікую ўвагу надаём прафі­лактычна-растлумачальнай дзейнасці, якую праводзім сярод насельніцтва. Як у калектывах, так і з асобнымі грамадзянамі летась правялі звыш 260 гутарак. Назаву яшчэ і такія лічбы: за мінулы год супрацоўнікамі выратавальных станцый папярэ­джаны 207 чалавек, з іх — 110 дзяцей. Каб не пільнасць і аператыўнасць выратавальнікаў, бяда б пастукалася ў многія дамы. Менавіта яны падаравалі жыццё 30 чалавекам, у тым ліку аднаму дзі­цяці. За гэтымі лічбамі ста­іць штодзённая напружаная праца нашых работнікаў.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.