На “ты” з сучаснымі тэхналогіямі

169

На “ты” з сучаснымі тэхналогіяміПа ўласнай працоўнай біяграфіі Наталля Субач можа прасачыць камп’ютарызацыю нашых прадпрыемстваў: ад першых камп’ютараў, да якіх многія баяліся і падыходзіць, да аўтаматызацыі вытворчасці. Працуе Наталля Аркадзьеўна спецыялістам па суправаджэнні праграмнага забеспячэння на Нарачанскім вытворчым участку ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат». На гэтай пасадзе (толькі назвы яе змяніліся) жанчына стараецца з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Зараз і распавядзе, як прывучала калег да камп’ютарнай мышкі
і як часты рост цэн дапамог даказаць перавагі вылічальнай тэхнікі.
— Напачатку раскажыце крыху пра сябе…
— Я з Мядзела, вучылася ў мясцовай сярэдняй школе — тады яна адна ў райцэнтры была. Пасля заканчэння паступіла ў БДУ на спецыяльнасць «прыкладная матэматыка».
— Паступалі вы яшчэ ў 1984 годзе. Як тады ўдалося выбраць такую сучасную прафесію?
— Нават не магу сказаць. У той час у школе нават інфарматыкі не было. Проста дакладныя навукі лягчэй даваліся, дык выбрала матэматыку. Пасля ўніверсітэта пару год працавала ў Мінску. А з 1991 года — на Нарацкім масласырзаводзе. Адразу была бухгалтарам-праграмістам. У нас на прадпрыемстве, можа, адны з першых у раёне камп’ютары з’явіліся.
— І што з іх дапамогай рабілі?
— Спачатку вяліся выпіска накладных на адгрузку прадукцыі для магазінаў і здраўніц, улік малака ад калгасаў. Далей планавалі, працу на якіх ўчастках аўтаматызаваць. Адразу — налічэнне зарплаты, улік і спісанне матэрыялаў, асноўныя сродкі, улік працы аўтатранспарту. І так паступова пераводзілі ўсе бухгалтарскія ўчасткі, потым — эканамічны. І напрыканцы часткова вытворчыя ўчасткі аўтаматызавалі. З мінулага года пачалі працаваць у сістэме «Прасочваемасць» – можна адсочваць рух ад паступлення малака на прадпрыемства, вырабу прадукцыі да адгрузкі на экспарт з электронным афармленнем неабходных суправаджальных дакументаў. У бухгалтэрыі працуем у аддаленым рэжыме, падключаны да сервера Маладзечанскага малочнага камбіната.
— Калі на заводзе пачалі камп’ютары з’яўляцца, як людзі ўспрымалі?
— Гэта быў для іх шок. Як прывезлі першыя два камп’ютары, жанчыны казалі: «Я да пенсіі дапрацую без іх». Але калі цэны пачалі пастаянна мяняцца, практычна кожны месяц, то яны зразумелі, якая гэта палёгка ў працы — камп’ютар. Давялося перавучвацца. Хоць казалі: «Мы ўсё рабілі на лічыльніках, на калькулятарах, а тут камп’ютар», але паступова прывыклі.
— За гэтыя гады якія цікавыя моманты ўспамінаюцца?
— Адразу некаторым работнікам цяжка было прызвычаіцца да камп’ютарнай мышкі. Клавіятура яшчэ ўспрымалася, а вось з мышкай — складана… Дык я ім раіла навучыцца гуляць у якую-небудзь камп’ютарную гульню: рука тады хутка распрацоўваецца, і да мышкі прывыкаеш імгненна.
— Наталля Аркадзьеўна, а зараз што ў вашы абавязкі ўваходзіць?
— Адказваю за бесперабойную працу камп’ютараў у сетцы, суправаджэнне праграм, кантроль за работай сістэмы відэаназірання — каб у нас усё працавала як след. Ды і па дробных пытаннях звяртаюцца. Увогуле, працаваць заўжды было нялёгка: аб’ём інфармацыі вялікі.
— Разумею, трэба быць у курсе ўсіх новых павеваў…
— Моладзь хутка схоплівае, у іх ведаў больш — а ў мяне такі ўжо ўзрост немаладзёжны (усміхаецца). Даводзіцца чытаць, цікавіцца. Я, напрыклад, калі нечага не ведаю, не саромеюся сказаць, што не магу зараз адказаць — пайшла, разабралася і вырашыла пытанне.
— Што трэба, каб на такой пасадзе працаваць?
— Быць уважлівай, засяроджанай. Неабходна пастаянна трымаць у памяці шмат усяго, цікавіцца сучаснай тэхнікай, новымі метадамі апрацоўкі інфармацыі.
— Праца ваша не сумная?
— Вы ведаеце, не. З аднаго боку, усё аднастайна, але кожны дзень нейкія новыя нюансы. Не сумна, дакладна.
— Вас жа доўгі час выбіраюць старшынёй прафкама. Чым даводзіцца займацца?
— Напэўна, больш культурна-масавай, спартыўнай работай. Увогуле, людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі — і мы іх стараемся вырашыць. Мне здаецца, у нас на камбінаце даволі нядрэнны калектыўны дагавор, у ім прадугледжана шмат дадатковых палажэнняў, якія паляпшаюць умовы працы работнікаў.
Дадам, што за гэтыя гады Наталлю Субач не раз адзначалі за руплівасць. Вось і восенню на раённай урачыстасці з нагоды Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу прымала яна Ганаровую грамату райвыканкама.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.