На першым месцы — Міласэрнасць

63

На першым месцы — Міласэрнасць

Гісторыя Свірскага дома-інтэрната бярэ свой адлік з лістапада 1960 года. Напачатку ён прымаў інвалідаў і састарэлых. А ў ліпені 1983 года ўстанова была перапрафіліравана ў дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых і пераведзена ў
в. Лушчыкі ў будынак былога санаторыя “Маяк”, дзе аздараўліваліся  хворыя туберкулёзам. Умовы для пражываючых там створаны камфортныя. Жылыя корпусы падключаны да цэнтральнага ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі, ёсць лазня, пральня, гароднінасховішча, добраўпарадкавана тэрыторыя. Некалькі гадоў назад здадзена ў эксплуатацыю новая сталовая, рэканструяваны кацельня і цеплатраса.

Нароўні з пастаянным паляпшэннем матэрыяльнай базы ўстановы вялікае значэнне надаецца захаванню і ўмацаванню фізічнага здароўя пражываючых. Дарэчы, у многіх з іх залатыя рукі. Некаторыя вышываюць бісерам і крыжыкам, асобныя працуюць з прыродным матэрыялам. На сценах хола, абедзеннай залы, сталовай можна ўбачыць карціны аднаго з пражываючых. Ёсць у нас і рукадзельніцы, чые шкарпэткі і шапачкі не даюць жыхарам дома-інтэрната замерзнуць зімой. Ва ўстанове шмат кветак. Прычым стаяць яны  на падстаўках, змайстраваных рукамі сваіх жа ўмельцаў. І бульбу з яблыкамі мы таксама ўбіраем увосень у кошыкі, сплеценыя пражываючымі.

Вялікае значэнне надаецца таксама культурна-масавай рабоце. Арганізоўваюцца пастаянна розныя святы, дыскатэкі, наладжваюцца канцэрты. Частыя госці ў нас калектывы Свірскага і Камароўскага Дамоў культуры, вучні Свірскай сярэдняй школы. Акрамя таго, дом-інтэрнат супрацоўнічае з прыходам храма роўнаапостальскіх Кірыла і Мефодзія ў г. п. Свір. Па выхадных у спецыяльна абсталяваным для гэтай мэты пакоі праводзяцца для пражываючых службы.

Установе спонсарскую дапамогу аказвае дабрачынная арганізацыя “Добра тут”, а гуманітарную падтрымку пражываючым — грамадзянін Ірландыі Віліян Омара. З дапамогай польскіх партнёраў збіраемся сёлета абсталяваць камп’ютарны клас.

Карыстаючыся выпадкам, хочам падзякаваць за падтрымку і цеснае супрацоўніцтва аддзелам культуры і адукацыі райвыканкама, святарам праваслаўнага храма гарадскога пасёлка.

К. РУСАК.

Дырэктар Свірскага дома-інтэрната

для псіханеўралагічных хворых.