Успамінамі дзеліцца жыхарка вёскі Раманаўшчына
“Штогод на Радаўніцу бываю на магілах бацькоў. А вось паехаць жыць на малую радзіму жадання ўжо няма, — прызнаецца Марыя Разуменка. — Прывыкла тут. У Раманаўшчыне прайшла большая частка майго жыцця, выраслі дзеці, на могілках у Вусаўшчыне пахаваны муж”.
Між тым зямля, дзе пачаўся лёс гэтай жанчыны — зусім не Мядзельшчына. Жыхарка Хойнікаў закончыла школу ў сваім горадзе. У Мазырскім педагагічным інстытуце імя Крупскай атрымала прафесію настаўніка пачатковых класаў. Па размеркаванні пачала працаваць у школе вёскі Руднае Хойніцкага раёна. Выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачушак: Таццяну і Ірыну.
Марыя Аляксандраўна і сёння памятае дзень 26 красавіка 1986 года: “Сонечна было, але дзьмуў вецер. Ірына яшчэ зусім маленькая (я была ў водпуску па яе доглядзе). Надвор’е добрае, сонейка такое яркае свяціла. Мы з дачушкай гулялі на дварэ, прымалі ультрафіялет. Не здагадваліся, што гэта было ўжо небяспечна”.
Калі ж пра небяспеку стала вядома, маладая жанчына з дзецьмі паехала да цёткі ў Асіповічы. А неўзабаве патэлефанавала матуля: “Дачушка, тут жанчын з дзецьмі эвакуіруюць. Едзь, напэўна, і ты”. Марыя з малымі вярнулася ў Хойнікі. Адтуль арганізаванымі групамі жанчын з дзецьмі на аўтобусах вывозілі ў Гомель. “Размясцілі ў Доме адпачынку, — прыгадвае Марыя Аляксандраўна. — Дзецям выдалі новае адзенне і абутак: куртачкі, шапачкі, калготкі, басаножкі. Праз некаторы час было вырашана везці нас у Мінскую вобласць. У тупіку стаяў выдзелены цягнік на шмат вагонаў. І гэтулькі матуль з дзеткамі! Было неяк жудасна. Нас пасялілі ў піянерскім лагеры. Мне з дачушкамі далі асобны пакой. Але ўмоў ніякіх: выдалі тазікі, па гарачую ваду даводзілася хадзіць на кухню. Жанчыны пачалі абурацца. Потым мы трапілі на Мядзельшчыну, у санаторый “Нарач”. Тут ужо ўмовы былі вельмі добрыя”.
А тым часам у калгасе “Шлях Ільіча” рыхтаваліся да здачы ў эксплуатацыю тры васьмікватэрныя двухпавярхоўкі. “Калі сказалі, што можам атрымаць кватэру, сюды прыехаў муж, — працягвае Марыя Аляксандраўна. — Да гэтага ён заставаўся ў Рудным, па-ранейшаму працаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Што і казаць, сустрэлі нас добра. Далі чатырохпакаёвую кватэру ў новым доме. З усімі выгодамі, з цэнтральным ацяпленнем! Мужа ўзялі ў гаспадарку на трактар. Я пасля дэкрэтнага ўладкавалася выхавальнікам у калгасны дзіцячы садок. Вядома, абжывацца на новым месцы было няпроста. Усё пачынай з нуля, усё купі. У той час вельмі многае было ў дэфіцыце”.
У “Шлях Ільіча” тады пераехала шмат “чарнобыльскіх” сем’яў. А вось затрымаліся з тых першых перасяленцаў 1986 года толькі Разуменкі. “Прыжыліся тут, — тлумачыць Марыя Аляксандраўна. — Прырода спадабалася. Вырашылі, што дзецям лепш будзе ў чыстай зоне. Ды і да людзей прывыклі, пасябравалі. У мяне адразу добрыя адносіны склаліся з Таццянай Чабрыцкай (яна тады загадчыцай дзіцячага садка працавала). Дапамагала мне, разам вырашалі ўсе праблемы”.
Калі з’явілася магчымасць, Марыя Аляксандраўна перайшла настаўніцай у Занеўскую базавую школу. Пасля закрыцця гэтай ўстановы адукацыі ўладкавалася выхавальнікам у Старагабскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа. Працуе там і цяпер (праўда, на няпоўную стаўку), хоць ужо не першы год на заслужаным адпачынку. Часам бывае няпроста: у рознаўзроставай групе 18 дашкольнікаў. Аднак куды цяжэй было б цэлымі днямі заставацца дома адной. Муж чатыры гады таму памёр ад анкалагічнай хваробы. “Цяжка сказаць, ці Чарнобыль тут вінаваты, — разважае жанчына. — Мужавы бацькі яшчэ жывыя, хоць засталіся ў забруджанай зоне. Ім пад дзевяноста ўжо”.
Чытач не зразумеў бы мяне, калі б не расказала пра лёс дачок Марыі Разуменкі. Яны даўно дарослыя, маюць свае сем’і. Таццяна жыве ў Бараўлянах, працуе сувязістам у вайсковай часці. Яе сынок вучыцца ў шостым класе, дачушка — у другім. Ірына жыве ў Мінску, у яе таксама двое дзяцей. Старэйшы хлопчык ходзіць у другі клас, малодшы наведвае дзіцячы садок, у якім працуе памочнікам выхавальніка яго матуля. Выхаднымі Таццяна і Ірына з мужамі і дзецьмі прыязджаюць да маці. У вёску, у якую 33 гады таму перасяліў маладую сям’ю Разуменкаў Чарнобыль.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.