На лінію «102» 15 студзеня звярнуўся інспектар па ахове прыроды Нацыянальнага парку «Нарачанскі». Ён паведаміў пра магчымае браканьерства ў лесе каля вёскі Каранішацы Крывіцкага сельсавета.
На месца выехалі супрацоўнік аддзялення крымінальнага вышуку і ўчастковы інспектар міліцыі — знайшлі трох застрэленых казуль еўрапейскіх. А побач бегалі два паляўнічыя сабакі.
Супрацоўнікі аддзела высветлілі, каму тыя належаць, і выйшлі на след паляўнічых. 41-гадовы жыхар раёна прызнаўся, што ён незаконна паляваў і застрэліў жывёл: разам з трыма сябрамі планавалі паляваць на зайца, а наткнуліся на казуль. Мужчына затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага утрымання. Прычыненую навакольнаму асяроддзю шкоду ацанілі ў 13320 рублёў.
Следчымі ў дачыненні да затрыманага ўзбуджана крымінальная справа за незаконнае паляванне, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры. У чацвярых мужчын канфіскавалі паляўнічыя стрэльбы. Правяраецца іх дачыненне да браканьерства, паведаміў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, падпалкоўнік міліцыі Руслан Скварцоў.