На гульнявую пляцоўку у Крывічах — пакуль не, на стадыён — калі ласка

508

У РЭДАКЦЫЮ звярнулася маладая матуля з Крывічоў. Расказала, што гадзін
у пяць-шэсць вечара ў сераду на пазамінулым тыдні з малым сынам прыйшла
на гульнявую пляцоўку мясцовага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Адтуль іх прагнала вартаўнік установы. Маўляў, нельга нікога пускаць ні на пляцоўку, ні на стадыён. Чакайце, калі вам пабудуюць гульнявую пляцоўку ў пасёлку.

— Няўжо гэта правільна? — задаецца пытаннем маладая матуля. — Як я ці мой малы сын можам пашкодзіць стадыён? Летась жа прыходзіць можна было, ніхто не забараняў. Што змянілася?

Па каментарый мы звярнуліся ў Крывіцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Выконваючая абавязкі дырэктара Інеса Лётка расказала:

— Да 30 чэрвеня ў нас функцыянавалі дзве групы дашкольнага выхавання, таму ў адпаведнасці з інструкцыяй аб арганізацыі прапускнога рэжыму на гульнявую пляцоўку для дашкольнікаў сапраўды нікога пабочнага нельга было пускаць. У ліпені групы дашкольнага выхавання не працуюць, аднак наведваць яе ўсё роўна пакуль забаронена: там вядуцца работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. З мэтай стварэння бяспечных умоў рамантуем і фарбуем агароджу і гульнявое абсталяванне, абкошваем тэрыторыю, падсыпаем пясочніцы. А вось на стадыён можна прыходзіць усім ахвотным, ён працуе з 11:00 да 21:00. Дарэчы, на ім маюцца горкі для вучняў пачатковых класаў.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.