ХЛЕБАРОБЫ ААТ «Міжазёрны край» паспяхова справіліся з сяўбой яравых збожжавых і зернебабовых культур. А зараз на парадку дня пасадка бульбы. Як расказаў начальнік вытворчага ўчастка Л. П. Холад, пад другі хлеб у гаспадарцы сёлета адведзена 20 гектараў.
— Палеткі, на якіх зараз садзім бульбу, вызначылі яшчэ з восені. Апрацавалі іх хімічнымі прэпаратамі, каб знішчыць пырнік. Глебу заправілі арганічнымі ўгнаеннямі, унеслі калійныя. А цяпер у час пасадкі клубняў уносім азотныя і фосфарныя. Дарэчы, пасяўны матэрыял таксама апрацоўваем спецыяльнымі прэпаратамі супраць хвароб і шкоднікаў, — расказвае Леанід Паўлавіч. — Насенне захавалася добра.
— Хто рыхтуе клубні да пасадкі? — пытаюся ў Л. П. Холада.
— Як і ў мінулыя гады, перабірае клубні брыгада работнікаў са Століншчыны. Працуюць рупліва, старанна, — адказвае ён.
З далейшай размовы высветлілася, што ў гаспадарцы пасадзілі на плошчы два гектары ранняспелы сорт бульбы «моллі», шэсць гектараў адвялі пад «журавінку» і 12 — пад «скарб».
— Ці садзіце сёння клубні? — цікаўлюся ў начальніка вытворчага ўчастка.
— Так, людзі і тэхніка працуе на 10-гектарным палетку ля вёскі Памошша. Паедзем туды, паглядзім, як завіхаюцца нашы бульбаводы, — чую ў адказ.
Леанід Паўлавіч з задавальненнем назваў прозвішчы механізатараў, якія маюць дачыненне да вырошчвання бульбы. Скажам, на падрыхтоўцы глебы дзённыя заданні перавыконваюць Яраслаў Станіслававіч Вяршыла і Станіслаў Генадзьевіч Бязручка.
— Уладзімір Часлававіч Гуско спачатку ўносіў мінеральныя ўгнаенні, а зараз ён наразае барозны. Ды і Мікалай Казіміравіч Маркевіч наразаў барозны на плошчы 8 гектараў. Пасля таго, як быў створаны фронт работы, Мікалай Казіміравіч падчапіў бульбасаджалку і зноў — на палетак. Гэта вопытны хлебароб, працуе з адказнасцю. Браку ў рабоце не дапускае, — кажа Леанід Паўлавіч.
— Больш за 15 гадоў саджаю бульбу. Таму гэта работа для мяне не новая, — уступае ў размову механізатар. — А што датычыць тэхнікі, яна не падводзіць. Саджалку «СК-4» перагледзеў, падладзіў. Няма прастояў у полі і з-за дастаўкі пасадачнага матэрыялу. Вадзіцель Іван Мечыслававіч Рагоўскі, за якім замацаваны «МАЗ», хутка і аператыўна падвозіць клубні…
Механізатар расказаў, што рэгулярна на поле наведваецца не толькі начальнік участка, але і аграном, старшыня. Яны на месцы вырашаюць узнікаючыя арганізацыйныя пытанні.
— Вы абавязкова пахваліце нашых повараў Ніну Уладзіміраўну Вялікую і Марыю Міхайлаўну Каранец, якія рыхтуюць смачныя абеды, загадчыцу сталовай Валянціну Васільеўну Лукша. А своечасова дастаўляюць на поле ежу вадзіцель Генадзь Мечыслававіч Ціхан і раздатчыца Алена Раманаўна Худая, — зазначае М. К. Маркевіч.
Міне дзень — і на 10-гектарным палетку за вёскай Памошша клубні будуць пасаджаны.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: вопытны бульбавод ААТ «Міжазёрны край» М. К. Маркевіч.
Фота Таццяны Несцярэнка.