На базе РВУП «Мядзельская ЖКГ» праведзены раённы дзень аховы працы

73

На базе РВУП «Мядзельская ЖКГ» праведзены раённы дзень аховы працыНЯДАЎНА праведзены раённы дзень аховы працы. Яго тэма: «Аб вопыце работы РВУП «Мядзельская ЖКГ» па ахове працы. Менавіта таму і мерапрыемства праходзіла на базе гэтага прадпрыемства. На яго былі запрошаны спецыялісты па ахове працы з арганізацый вытворчай сферы Мядзельшчыны. Спачатку перад прысутнымі выступіў галоўны інжынер А. І. Тарасёнак. Аляксандр Іосіфавіч пазнаёміў прысутных з прадпрыемствам: матэрыяльна-тэхнічнай базай, відамі аказваемых паслуг. Цікава было даведацца, што жыллёвая гаспадарка налічвае 215 жылых дамоў агульнай плошчай каля 120,9 тысячы квадратных метраў. У склад галіны жыллёвай гаспадаркі ўваходзяць эксплуатацыйныя ўчасткі г. Мядзел, г. п. Крывічы, Свір, в. Баяры і к. п. Нарач. Спыніўся прамоўца і на ўкараненні і сертыфікацыі сістэмы кіравання аховай працы, на мерапрыемствах, якія праводзяцца па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасці, па паляпшэнні ўмоў і аховы працы, арганізацыі кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы. Ён падрабязна расказаў, як на прадпрыемстве праводзілі атэстацыю рабочых месцаў і былі выяўлены шкодныя ўмовы працы на 178 рабочых месцах, дзе заняты 356 чалавек. — Па выніках атэстацыі распрацаваны план мерапрыемстваў па ахове працы. На выплату кампенсацый па выніках атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы, у тым ліку на выдачу малака пры рабоце са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі, выплачана за 9 месяцаў 465 мільёнаў рублёў, — падкрэсліў Аляксандр Іосіфавіч. Асаблівае месца ў дакладзе галоўнага інжынера заняло пытанне арганізацыі кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы. Грамадскі кантроль ажыццяўляецца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і органамі дзяржаўнага кіравання. У склад грамадскай камісіі па ахове працы ЖКГ уваходзяць тры чалавекі. З пачатку года імі выяўлена 9 парушэнняў у галіне аховы працы і выдадзены 53 рэкамендацыі па ўхіленні недахопаў. Галоўны дзяржаўны інспектар Маладзечанскага міжраённага аддзела дзяржаўнай інспекцыі працы С. В. Тадра агучыў выніковую інфармацыю за дзевяць месяцаў бягучага года па выніках кантрольных праверак захавання заканадаўства аб ахове працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях Мядзельшыны. Ён таксама засяродзіў увагу на адказнасці за парушэнне правілаў і норм па ахове працы. Старшы інспектар ДПН РАНС Д. С. Малько выступіў па такіх тэмах, як асноўныя прычыны пажараў, праводзімая работа па прафілактыцы пажараў, абавязкі кіраўнікоў і работнікаў па забеспячэнні пажарнай бяспекі, расказаў аб тым, як трэба дзейнічаць пры выяўленні і тушэнні ачага загарання, якая прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнні адпаведных пра¬вілаў. Прадэманстраваны відэафільм «Бяспеку — у кожны дом» таксама не пакінуў нікога абыякавым. Інспектар раённай інспекцыі Энерганагляду А. У. Чарняўскі звярнуў увагу прысутных на захаванне патрабаванняў па бяспецы электраўстановак спажыўцоў у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі, назваў тыповыя парушэнні, выяўленыя інспекцыяй у ходзе праверак. Дапасаваўся да выступлення Аляксандра Уладзіміравіча і прагляд відэафільмаў на тэму электрабяспекі. Стан вытворчага траўматызму сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна прааналізаваў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В. М. Чыркевіч. Ён таксама азнаёміў са змяненнямі і дапаўненнямі ў заканадаўстве аб ахове працы. На заканчэнне выступлення Віктара Мікалаевіча адбылася відэапрэзентацыя часопіса «Ахова працы і сацыяльная абарона». Пра новую рэдакцыю закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы», атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы гаварыў у сваім выступленні галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення райсельгасхарчу У. А. Мікішка. А вось загадчык аддзела гігіены ДУ “Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” М. У. Паршута спыніўся на праблемных пытаннях у правядзенні медыцынскіх аглядаў работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. З цікавасцю паглядзелі прысутныя і відэафільм «Неаб’яўленая вайна», які прадаставіла ДАІ РАУС. А на заканчэнне мерапрыемства ўсе мелі магчымасць пазнаёміцца з прамысловай базай, кабінетам аховы працы, санітарна-бытавымі памяшканнямі, пакоем прыёму ежы, агледзець экспанаты выставы сродкаў індывідуальнай абароны, якія прымяняюць камунальнікі. Неабходныя каментарыі даваў інжынер па ахове працы Л. В. Шчарбіцкі.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку:галоўны інжынер РВУП «Мядзельская ЖКГ» А. І. Тарасёнак і старшы інспектар ДПН РАНС Д. С. Малько.

Фота аўтара.