На ахове правапарадку — сучасныя Анiскiны

73

На ахове правапарадку - сучасныя Анiскiны17 ЛІСТАПАДА 1923 года Цэнтральным адміністрацыйным упраўленнем Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР была зацверджана Інструкцыя ўчастковаму наглядчыку горада, якая залажыла нарматыўную базу для стварэння і развіцця ўчастковай службы.

У аддзяленні аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, якое ўзначальвае маёр міліцыі Дзмітрый Ярашэвіч, нясуць службу 12 супрацоўнікаў. З ім і гутару аб ролі ўчастковага.

— Участковых інспектараў міліцыі жартоўна называюць універсальнымі вартавымі парадку. Сцвярджэнне гэта на ўсе сто працэнтаў справядлівае, — гаворыць Дзмітрый Раманавіч. — Яны заўсёды ва ўсіх на вачах, аднак іх работа афішыруецца рэдка. Магчыма таму, што ўчастковыя не расследуюць “гучных спраў”, не выяўляюць буйных карупцыянераў. Тым не менш, найперш менавіта ад іх залежыць спакой і парадак у дамах, гарадах і вёсках. Участковы ў адной асобе і дазнавацель, і следчы, і патрульны паставы, і псіхолаг. Законы ён павінен ведаць на ўзроўні высакакласнага юрыста. А яшчэ і з людзьмі ўмець уступаць у зносіны, старацца з кожным знайсці агульную мову. Быць лёгкім на пад’ём, настойлівым, працаздольным, гатовым поўнасцю аддавацца рабоце. Адным словам, участковы інспектар — гэта свайго роду аддзел міліцыі ў мініяцюры. І з яго загружанасцю па службе не так шмат каго можна параўнаць.На ахове правапарадку - сучасныя АнiскiныДалей маёр адзначыў, што ўчастковыя, якія працуюць у райаддзеле, валодаюць усімі неабходнымі для работы якасцямі. Па праву ганаровае месца ў гэтай кагорце займае старшы ўчастковы інспектар маёр міліцыі Юрый Ніжнік. Ён прыйшоў на службу ў органы ўнутраных спраў у 1989 годзе. У 1994 годзе стаў участковым, а пасля старшым участковым. Займае гэту пасаду і зараз. Без малога 20 гадоў абслугоўвае адміністрацыйны ўчастак, размешчаны на тэрыторыі Будслаўскага сельскага Савета. Добрасумленна выконвае ўскладзеныя абавязкі. Неаднаразова заахвочваўся за сваю службу кіраўніцтвам упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама і РАУС. На прыкладзе Юрыя Іванавіча бачна, што чалавек, які мае мэту і ўнутранае жаданне, здольны дабіцца многага ў жыцці.

Напярэдадні свята сустрэлася з Юрыем Іванавічам. А пачалася наша размова з пытання:

— Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які хоча стаць участковым?

— Прыстойнасцю, дабрынёй, кемлівасцю, мець устойлівую псіхіку, быць адкрытым для людзей, — пачула ў адказ. — А каб стаць прафесіяналам, патрэбна прапрацаваць на гэтай пасадзе мінімум пяць гадоў на адным участку. І толькі пасля гэтага можна, як мне здаецца, без праблем абслугоўваць іншыя тэрыторыі, займаць у органах розныя пасады.

— Што яшчэ патрабуеццца ад участковага інспектара? — цікаўлюся ў Юрыя Іванавіча?

— Работа наша нялёгкая, патрабуе шмат увагі і цярпення, умення выслухаць чалавека, прыйсці яму на дапамогу ў любы час сутак. Неабходна таксама добра ведаць жыхароў свайго ўчастка, трымаць на кантролі неблаганадзейныя сем’і, займацца прафілактыкай правапарушэнняў.

— Што яшчэ ўваходзіць у кола вашых абавязкаў?

— У паўсядзённай рабоце пераважаюць скаргі аб адміністрацыйных правапарушэннях, сямейных скандалах, а бліжэй да лета, калі пачынаецца дачны сезон, — аб крадзяжах маёмасці, парушэннях межаў зямельных участкаў, пазней — аб крадзяжах пладоў новага ўраджаю… Асноўная праблема — злоўжыванне некаторымі асобамі спіртнымі напіткамі. Адсюль і сямейныя скандалы, і хуліганства, і іншыя парушэнні. Даводзіц¬ца ставіць грамадзян, якія “вызначыліся” на прафілактычны ўлік у аддзеле, пры неабходнасці дастаўляць да нарколага. А тых, хто сістэматычнае п’е і не збіраецца мяняць сваё жыццё, — накіроўваць у лячэбна-папраўчы прафілакторый. На асаблівым уліку знаходзяцца і раней судзімыя.

— З якімі складанасцямі даводзіцца сутыкацца ў рабоце? — цікаўлюся ў свайго суразмоўцы.

— Сёння практычна ўсе ўчастковыя інспектары, якія маюць пасведчанні на кіраванне транспартнымі сродкамі, забяспечаны аўтамабілямі. Складанасць у тым, што нярэдка машына замацавана за некалькімі супрацоўнікамі. Больш цяпер паступае ад насельніцтва і скаргаў. Увогуле сталі людзі менш уважлівымі адзін да аднаго, не такімі добразычлівымі, як раней. Нават па нязначных прычынах тэлефануюць у “102”. Аднак, калі любіш сваю работу, з усімі праблемамі лёгка спраўляешся.

Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС адзначыў таксама са станоўчага боку работу ўчастковага інспектара Андрэя Уліцкага.

— Лейтэнант міліцыі паступіў на службу ў наша аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі, — паведаміў Дзмітрый Раманавіч, — пасля заканчэння Магілёўскага каледжа МУС Рэспублікі Беларусь у ліпені бягучага года. Замацавалі за ім Сваткаўскі сельсавет. З першых дзён работы малады супрацоўнік зарэкамендаваў сябе нядрэнна. Яго ініцыятыўнасць, мэтанакіраванасць адзначае старшыня мясцовага сельвыканкама Вера Хацяновіч. Добрыя водгукі ідуць пра ўчастковага і ад вясковых жыхароў. Такія ініцыятыўныя маладыя работнікі ў апошні час — рэдкасць, — падкрэсліў мой суразмоўца.

Захацелася і самой пабачыць Андрэя, пагутарыць з ім. Пацікавілася ў лейтэнанта міліцыі:

— Ці складаная праца ўчастковага?

— Не асабліва. Проста ўсё, што прапісана службовымі абавязкамі і інструкцыямі, трэба выконваць. Гэта аксіёма праверана практыкай і вопытам многіх папярэдніх пакаленняў, — такім быў адказ.

— На што найбольш траціце час?

— На разборкі сямейных скандалаў, раскрыццё розных злачынстваў.

— А папяровая руціна не перашкаджае рабоце з людзьмі? — пытаюся далей.

— Калі шчыра, то пісаць участковаму трэба шмат. Вядома, хацелася б, каб розных справаздач было менш, каб больш часу заставалася на жывую работу з людзьмі.

— Ну і апошняе пытанне: якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны Аніскін?

— Для работы ўчастковым інспектарам, лічу, патрэбна прызванне. А яшчэ цярпенне, уменне выслухаць любога чалавека. Патрэбна і жаданне ўнікнуць у сутнасць праблемы, з якой да цябе звярнуліся. Гэта самае галоўнае, той стрыжань, на якім усё і грунтуецца. Тады ўсё атрымаецца, служба будзе прыносіць задавальненне. Дарэчы, вядомы з савецкіх часоў кінагерой — участковы Аніскін — менавіта так і працаваў!

На развітанне Дзмітрый Ярашэвіч павіншаваў ад кіраўніцтва РАУС і ад сябе асабіста ўчастковых інспектараў з іх прафесійным святам. Падзякаваў за нялёгкую працу і старанне. Пажадаў моцнага здароўя, поспехаў, міру, дабрабыту, узаемаразумення ў сем’ях. Асаблівыя словы падзякі выказаў у адрас ветэранаў службы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Участковы інспектар міліцыі Андрэй Уліцкі; 2. Старшы ўчастковы інспектар міліцыі Юрый Ніжнік.