З 17 ЛІПЕНЯ па 17 жніўня праходзіў месячнік па ахове працы пад дэвізам: «Уборачная кампанія — без траўматызму». На працягу гэтага перыяду мабільнай групай райвыканкама па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі па бяспечным выкананні работ у сельгаспрадпрыемствах раёна праведзена 15 рэйдаў. Пры гэтым выяўлены 103 парушэнні патрабаванняў бяспекі, большасць з якіх удалося ўхіліць на месцы.
Устаноўлена, што ў большасці гаспадарак загадамі былі прызначаны адказныя асобы за захаванне дзеючых правілаў па ахове працы ў час жніва. Перад пачаткам уборкі праведзены пазапланавы інструктаж па прафесіях і відах работ. Да работы на камбайнах былі дапушчаны механізатары, якія маюць адпаведную кваліфікацыю, прайшлі навучанне, стажыроўку і праверку ведаў па пытаннях аховы працы. Кожны дзень праводзіўся перадрэйсавы медагляд вадзіцеляў і механізатараў. Збожжаўборачныя камбайны былі ўкамплектаваны двума работнікамі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і маюць пасведчанне трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці адпаведнай кваліфікацыі. На збожжаачышчальных і сушыльных комплексах працавалі аператары не маладзей 18 гадоў. Парушэнняў адносна непаўналетніх, якіх прыцягвалі да сельгасработ, не выяўлена.
Асаблівая ўвага надавалася арганізацыі гарачага харчавання людзей, забеспячэння іх сродкамі індывідуальнай аховы. У большасці выпадкаў гэтыя пытанні вырашаліся станоўча.
Але не абышлося без недахопаў. У ААТ «Зані», «Слабодская зара», АСП «Вузлянка» ў збожжаскладах частка свяцільняў эксплуатавалася без ахоўных плафонаў, не ўсе размеркавальныя каробкі электрасеткі былі закрыты накрыўкамі, не ўсюды былі ўстаноўлены на тэрыторыі знакі пажарнай бяспекі. Але такія недахопы ўхіляліся ў прысутнасці членаў мабільнай групы.
Галоўным вынікам месячніка па ахове працы стала адсутнасць вытворчага траўматызму ў час жніва. Таму, лічым, праведзеная работа дала свой плён.
У. МІКІШКА.
Галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
В. ЧЫРКЕВІЧ.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.