Медыкi па прызваннi працуюць у Свірскай бальніцы

83

Медыкi па прызваннi працуюць у Свірскай бальніцыЧУЛЫЯ, спагадлівыя ўрачы, медыцынскія сёстры, санітаркі працуюць у нашай Свірскай бальніцы. Пра гэта ўжо не адзін раз пісалася на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”. А сёння мне хочацца расказаць пра яшчэ двух медыкаў па прызванні — Таццяну Бурэйка і Аляксандра Драгуна.

Таццяна Станіславаўна шмат гадоў працуе загадчыцай Камароўскага фельчарска-акушэрскага пункта. Абслугоўвае і дзетак, і дарослае насельніцтва. Яна ж лечыць і навучэнцаў філіяла Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, які знаходзіцца ў Камарове. Ведаю, што па самых розных пытаннях звяртаюцца вяскоўцы да сваёй дакторкі, якая ўмее і выслухаць, і параду слушную даць. Сёлетнім летам Таццяна Бурэйка некаторы час працавала і на хуткай дапамозе Свірскай бальніцы. Яна давала водпускі фельчарам. Падчас аднаго з выклікаў хуткай дапамогі мне давялося сустрэцца з медыкам з Камарова. Пераканалася, якая яна чулая, спагадлівая. Ды і спецыяліст кампетэнтны. Фельчарам хуткай дапамогі працуе ў Свірскай бальніцы Аляксандр Драгун. Падчас сваіх дзяжурстваў ён заўсёды спяшаецца на дапамогу хворым людзям. І неабходную кваліфікаваную медыцынскую дапамогу своечасова аказвае, і стараецца падтрымаць чалавека добрым словам, падбадзёрыць. Асабіста я, ледзьве толькі ўбачу на парозе дома Аляксандра Генадзьевіча, адразу сябе лепш адчуваю. Ад аднаго яго погляду, уважлівых адносін становіцца лягчэй.

Увогуле шанцуе жыхарам Свіршчыны на шчырых, спагадлівых медыкаў. Прыемна, што ў гэтым працяглым спісе значацца таксама Аляксандр Драгун і Таццяна Бурэйка.

Г. МІХНОВІЧ.

Пенсіянерка, жыхарка г. п. Свір.