Мядзельская Кальварыя — у даследчай рабоце

140

Мядзельская Кальварыя — у даследчай рабоцеЮны мядзяльчанін Антон Рагіня зацікавіўся гісторыяй мясцовай Кальварыі. Вынікам гэтага стала даследчая праца «Мядзельская Кальварыя — старадаўняе месца сучаснага Мядзела». Сваю працу чацвёртакласнік Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа прадставіў на дзясяты конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў «Я — даследчык». Журы годна ацаніла яго работу і накіравала яе ад раёна на абласны этап у секцыі гуманітарных навук. Хлопец атрымаў сертыфікат удзельніка адкрытага фестывалю «Я — даследчык» Мінскай вобласці.
— Адкуль такая цікавасць да Кальварыі? — пытаю ў яго.
— Наведваю заняткі па катэхезе пры парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле, часта бываю на Кальварыі. Мне стала цікава, як яна пачала будавацца, для чаго.
Вось што да расказу Антона дадала настаўніца пачатковых класаў Валянціна Малько:
— Пасля другога класа мы з дзецьмі хадзілі ў паход на возера Рудакова, і маршрут праходзіў праз Кальварыю. Тады якраз расцяжку можна было бачыць: «250-год Мядзельскай Кальварыі». Мне і самой стала цікава. А потым гэта тэма з’явілася ў размове з мамай Антона. Неяк летась у канцы верасня яна расказала, што з сынам зацікавіліся гісторыяй Кальварыі, часта там бываюць. Прапанавала ёй: «А давайце зробім работу пра Кальварыю. Можа, у нас што атрымаецца». І Антон з мамай добра папрацавалі.
Вось так хлопец пачаў займацца даследчай работай.
— Калі пачаў працаваць над ёй?
— Матэрыял збіраў з восені. Больш актыўна займаўся апошнія тыдні перад канферэнцыяй.
— І дзе шукаў матэрыял?
— У кнігах, інтэрнэце, гутарыў з вікарыем парафіі айцом Юрыем.
— Падчас працы што найбольш ўразіла?
— Мяне больш за ўсё зацікавіла паданне пра фундатара касцёла Маці Божай Шкаплернай Антонія Кошчыца. На мой погляд, яно такае праўдападобнае.
— Цікава было працаваць над такой работай?
— Вельмі. Цікавілі паданні, магчымасць даведацца пра лёс Кальварыі: што некалі там было 40 капліц, а калі яе адбудоўвалі, бралі за прыклад Кальварыю ў Польшчы. Мяне вельмі ўразіла, што ў Беларусі такой няма, іх толькі 10 у Еўропе. Цяпер стаў больш Мядзелам ганарыцца.
— А далей ці думаеш якую даследчую працу зрабіць?
— Так. І менавіта па гісторыі. Яна мяне вельмі зацікавіла. Яшчэ і тым, што і не толькі я магу даведацца нешта новае, але і аднакласнікам расказаць.
— Антон выступаў на класнай гадзіне, і дзецям вельмі спадабаўся яго расказ, — дадае Валянціна Малько. — Увогуле Антон вельмі старанны вучань, адказны, бацькі зацікаўлены ў выніках сына. Такіх вучняў хочацца вучыць.

Аляксандр Высоцкі.

На здымку: Антон Рагіня прэзентуе сваю работу; на Мядзельскай кальварыі.