Могілкі каля Мядзела будуць пашыраны

375

КОЖНЫ, хто хоць аднойчы перажыў смерць блізкага чалавека, ведае, наколькі цяжкія першыя гадзіны пасля таго, як напаткала гора. І адно з асноўных пытанняў — пахаванне. Дзе знайсці добры ўчастак? Яно для жыхароў нашага гарадка далёка не пустое.

Справа ў тым, што могілкі, якія знаходзяцца злева ад шашы з Мядзела на Лук’янавічы, перапоўнены, хаця іх адкрывалі параўнальна нядаўна — некалькі дзесяцігоддзяў таму.
Цяпер ужо можна сказаць, што прынята рашэнне наконт будаўніцтва новых могілак. Праўда, працэс гэты традыцыйна не такі хуткі, пакуль дойдзе да справы, міне не адзін месяц. Гэта пацвярджае і адказ дырэктара Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзіміра Шабовіча:

— Што датычыцца аб’екта “Будаў­ніцтва і абслугоўванне могілак у раёне горада Мядзела”, то на сёння нашаму прадпрыемству выдзелены ўчастак, пра які хадайнічалі раней. Праведзена працэдура па выбары арганізацыі для выканання праектных работ, дамова заключана з таварыствам з абмежаванай адказнасцю “ГенІнжынерынгПраект”. Пачатак выканання работ згодна дагавору — жнівень, заканчэнне — лістапад 2022 года. З улікам праходжання дзяржаўнай экспертызы на ўсё адводзіцца тры месяцы… Пасля правя­дзення праектных работ будзе аформлены зямельны ўчастак.

Арыенціровачны тэрмін афармлення складае адзін месяц. Наступны этап пасля
гэтага — выкананне будаўніча-мантажных работ. Яны будуць ажыццёўлены ў нарматыўныя тэрміны, прадугледжаныя праектнай дакументацыяй, якая прайшла дзяржаўную экспертызу. Пачатак выканання будаўнічых работ магчымы пры выдзяленні фінансавання ў поўным аб’еме, вызначаным праектна-каштарыснай дакументацыяй.

Вось такі адказ. Для праяснення паўнаты малюнка мы спыталі ў начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Віктара Хілы, дзе знаходзіцца ўчастак, які выдзяляецца пад могілкі, і што сабой уяўляе.

— Сапраўды, — расказвае Віктар Канстанцінавіч, — ужо аформлены акт выбару папярэдняга ўзгаднення месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання могілак у раёне Мядзела. З улікам таго, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Нацпарку “Нарачанскі”, дакумент узгоднены абл­выканкамам. Па плошчы ўчастак амаль такі ж, які выдзяляўся ў свой час і пад “старыя” могілкі — каля двух гектараў, ушчыльную прымыкае да іх. Землі там пераважна пясчаныя, на большай частцы плошчы стаіць лес. Таму і аб’ём работ неабходна выканаць значны: спілаваць дрэвы, выкарчаваць пні, спрафіляваць тэрыторыю… Мяркую так: чым хутчэй жыллёва-камунальная гаспадарка зробіць праект на выкананне будаўніча-мантажных работ на гэтым аб’екце, тым будзе лепш.

Павел ЖУКАЎ. Фота аўтара.