Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

161

МЕСЯЧНІК па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый у разгары. Каб высветліць, што зроблена, а што яшчэ належыць зрабіць, у сераду ў рэйд выправіліся прадстаўнікі санітарнай і экалагічнай службаў ды рэдакцыі раённай газеты.

Вясновы рух адчуваецца ў Мядзеле: ямачны рамонт дарожнага пакрыцця вядзе жыллёва-камунальная гаспадарка.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

Работнікі ЖКГ прыбіраюць тэрыторыю агульнага карыстання ля гаражоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

Хоць у раёне ветлячэбніцы ёсць кантэйнеры, ля гаражоў насельніцтва сістэматычна стварае стыхійныя звалкі. Што і казаць, гэтыя гаражы — пастаянны галаўны боль для філіяла “Мінаблпаліва”, што знаходзіцца па суседстве. Вось і зараз яго работнікі ачышчаюць прылеглую тэрыторыю ад бытавога і расліннага смецця.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

Станоўчае ўражанне ад горада псуе і трохпавярховы будынак на вуліцы Прамысловай (на так званай “верхняй базе Сельгастэхнікі”). На прылеглай тэрыторыі — смецце. Будынак разбураецца, і, відавочна, у гэтым яму дапамагаюць людзі: многія вокны павыбіваны, выламана створка дзвярэй. Уваход ніяк не абмежаваны.

На гарадскіх могілках (так званых “Новых”) убіраюць пясок, які застаўся на дарожках і пад’язных шляхах пасля падсыпкі пры галалёдзе. За рулём трактара — вопытны і адказны (так яго характарызуе кіраўніцтва ЖКГ) Валерый Драгун.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

…А што за межамі горада? У цэлым уражанні станоўчыя. Але ж мэта рэйду не ў тым, каб пахваліцца, як у нас усё слаўна. Прыкласці рукі яшчэ ёсць вельмі шмат дзе. Зразумела, у адзін момант усяго не зробіш, ды і месячнік яшчэ працягваецца.

Чакае ўборкі тэрыторыя ля Віктосевай крыніцы, і лаўку там адрамантаваць трэба.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

Неабходна абмежаваць доступ у будынак колішняга Дома культуры ў аграгарадку Баяры. Ля агароджы гатавіцкіх могілак складзена ў кучы галлё і расліннае смецце: відавочна, тут прыступілі ўжо да ўборкі. Засталося толькі давесці справу да лагічнага завяршэння.

Не ўпрыгожвае вёску Кусеўшчына закінутая хата пад нумарам 8, што належыць мясцовай гаспадарцы.

На каталіцкіх могілках аграгарадка Нарач паламана агароджа кантэйнернай пляцоўкі, смецце ёсць у прылеглым ляску. Тэрыторыя ж побач з праваслаўнымі могілкамі ўвогуле падобная на міні-палігон для смецця: паўсюдна валяюцца пластыкавыя бутэлькі, разарваныя пакеты, бляшанкі, разнастайныя ўпакоўкі…

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

А кантэйнеры амаль пустыя. У чым справа? Ад людзей пачулі, што рукі прыклаў мясцовы таварыш, які збірае і здае бутэлькі. Арганізаваў тут уласную “станцыю сартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў”: вымае з кантэйнераў пакеты са смеццем і перабірае іх змесціва. Шкло забірае, а ўсё астатняе пакідае тут жа. (Назаўтра гэту тэрыторыю прыбралі работнікі сельвыканкама, ЖКГ і мясцовае насель­ніцтва — у рэдакцыю дасланы адпаведныя фота.)

Разламаны плот вакол арт­свідравіны ў Занарачы. Хто гэта зрабіў? Не бачыўшы — не скажаш.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

Адно факт: падобным штакетам непадалёку “абсталявана” месца, дзе, відавочна, гуляюць дзеці.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

Маюцца ў Занарачы і стыхійныя звалкі на тэрыторыі агульнага карыстання — па вуліцы Камсамольскай непадалёк ад дамоў нумар 1 і 2 і з тыльнага боку зямельных участкаў па вуліцы Кастрычніцкай. Чаго тут толькі няма: і пластык, і шклянкі-бляшанкі, і кабачкі, і стары абутак! У ляску праз дарогу ад дамоў нумар 7 і 8 па вуліцы Камсамольскай таксама складаюць смецце. А ля недабудаванага дома па вуліцы 1 Мая валяецца шмат пластыкавых і шкляных бутэлек. Каб навесці ўсюды парадак, давя­дзецца патраціць нямала часу. Ці не лепш было б не смеціць?

…У цэлым прыемнае ўражанне пакідаюць дарогі: парадак на прыдарожных палосах, аўтобусных прыпынках, урны своечасова ачышчаюцца. Але ж каб да старання дарожнікаў ды яшчэ і сумленне лю­дзей, якія па гэтых дарогах ездзяць! Нехта высыпаў смецце проста на прыпынку “Сцепянёва”.

Месячнік па добраўпарадкаванні: што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць

Магчыма, праляжала яно там і нядоўга: мы бачылі, як работнікі ДЭУ № 66 пад’ехалі і сабралі. Але ж працуюць яны ў адпаведнасці з графікам і адначасова ахапіць усё не змогуць.

Рэйд правялі:

Святлана ДАЛІБА, памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ,

Уладзімір ХІЛА, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя,

Наталля ЛІСІЦКАЯ, адказны сакратар газеты “Нарачанская зара”.

Фота Наталлі Лісіцкай.