Марына Апанасёнак: «Любая слушная ініцыятыва можа атрымаць ход»

107

Марына Апанасёнак: «Любая слушная ініцыятыва можа атрымаць ход»Колькі разоў кожны з нас чуў выказванні кшталту: «Будучыня за моладдзю», «Маладым усюды ў нас дарога» і гэтак далей. Дык чаму моладзь — людзі ва ўзросце ад чатырнаццаці да трыццаці аднаго года — будучыня і апора нашага грамадства? Таму што гэта сіла і натхненне, энергія і запал, творчасць і рамантыка. Моладзь не проста прыстасоўваецца да імклівых змяненняў свету, але хоча і можа яго змяніць. Дзень моладзі ў Беларусі традыцыйна адзначаецца ў апошнюю нядзелю чэрвеня.
Адзін з ключавых механізмаў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў краіне — дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гэта грамадскае аб’яднанне ператварылася ў свайго роду цэнтр маладзёжнага руху, які разам з духоўна-маральным і патрыятычным выхаваннем аказвае сваім удзельнікам практычную дапамогу.
Пра тое, чым жыве моладзь Мядзельшчыны і якія ўмовы створаны для рэалізацыі яе творчай энергіі, гутарым з першым сакратаром раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» Марынай Апанасёнак.
— Зараз моладзь Мядзельшчыны жыве студэнцкімі атрадамі. Гэта адзін з асноўных напрамкаў работы БРСМ на летні перыяд, — распавядае Марына Аляксандраўна.
І яе словы не разыходзяцца са справай: пакуль мы гутарылі, у кабінет якраз прыйшлі тры хлопцы, каб напісаць заяву на прыём у студатрад. Толькі аднаго з іх прывяла мама. А іншы юнак падзяліўся, што бацькі не тое каб супраць, але не вельмі падтрымліваюць яго жаданне, гавораць, што яму толькі пятнаццаць — яшчэ будзе час папрацаваць.
— А мне хочацца праверыць сябе, — упэўнена заяўляе хлопец і просіць узор заявы.
— Так, былі выпадкі, калі дзеці хацелі запісацца, але ў выніку адмаўляліся, таму што бацькі не адпускалі. Але часцей хлопцы і дзяўчаты вырашаюць усё самі. Гэта вельмі радуе, — падтрымлівае юнака Марына Апанасёнак. — Але, вядома, мы не забываем і пра астатніх. На лета запланавана некалькі спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў. Напрыклад, з 2016 года аднавілася абласная традыцыя — правядзенне турзлёту «Валошкавы вянок», дзе каманды ўсіх раёнаў удзельнічаюць у розных спартыўных і культурных выпрабаваннях, што заўсёды весела і цікава. Да таго ж няма лепшага спосабу завесці новыя знаёмствы. Гэта мерапрыемства заўсёды дапамагае нам шукаць новых актывістаў, бо ўдзельнічаць у ім можа любы член БРСМ.
Таму, калі ў вас канікулы або адпачынак, але вы не ведаеце, чым сябе заняць — зазірніце ў кабінет раённага камітэта. Калектыў заўсёды ідзе насустрач людзям, так што можна проста сказаць: «Хачу ўдзельнічаць у мерапрыемстве» і нават прапанаваць рэалізаваць нейкую сваю ідэю. Тут, як кажуць, было б жаданне. Любая слушная ініцыятыва можа атрымаць ход, калі яе падтрымае моладзь раёна. Гэтак жа, як любое мерапрыемства можа «прагарэць» толькі таму, што не атрымае падтрымкі. Нам вельмі важна атрымліваць аддачу ад удзельнікаў саюза, і мы заўсёды чакаем свежых ідэй і прапаноў. Гэта значыць, нам можна патэлефанаваць і сказаць: «Я прыдумаў вось такое мерапрыемства, давайце зробім».
— А як вы інфармуеце людзей аб мерапрыемствах?
— Для прыцягнення ўдзельнікаў штомесяц наведваем розныя арганізацыі, выступаем перад работнікамі, прэзентуем сваю дзейнасць і заўсёды запрашаем далучыцца да нас. У дадатак да гэтага перад кожным конкурсам або акцыяй рассылаем прэс-рэлізы або проста тэлефануем у арганізацыі і расказваем пра падрыхтоўку мерапрыемства.
Так атрымліваецца, што ў Мядзеле шмат прапаноў для школьнікаў, ёсць гурткі, секцыі — можна выбраць, што па душы. Але моладзь — гэта не толькі школьнікі. Таму мы і зацікаўлены ў тым, каб розныя мерапрыемствы праходзілі і па-за нейкімі вялікімі конкурсамі. Так, кожны панядзелак члены БРСМ збіраюцца ў Мядзельскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, каб пагуляць у валейбол. Гульні стыхійныя, яны могуць адбыцца, нават калі прыйдзе толькі пяць удзельнікаў. Тут не важна, умееце вы гуляць ці не, мы збіраемся, каб адпачыць і пагутарыць. І ў працяг гэтай тэмы плануем летам гуляць у валейбол на спецыяльнай пляцоўцы на гарадскім пляжы.
— Вы часта згадваеце спартыўныя спаборніцтвы, а ў якіх кірунках яшчэ вядзецца праца?
— БРСМ праводзіць шмат грамадска-карысных акцый. Напрыклад, «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак» — падчас правядзення яе валанцёры наводзяць парадак на розных гарадскіх і вясковых тэрыторыях. Так, за Мядзельскім раённым камітэтам БРСМ замацавана тэрыторыя ля помніка спаленым у часы Вялікай Айчыннай вайны землякам на хутары Бароўка, і мы рэгулярна там прыбіраем. А таксама праводзілі работы па добраўпарадкаванні маладзёжнага сквера ў нашым горадзе. Яшчэ адна акцыя — «Аднаўленне святынь Беларусі». У ёй валанцёры руху «Добрае сэрца» дапамагаюць розным канфесіям наводзіць парадак на тэрыторыях пры храмах. У гэтым годзе такія акцыі правялі ўдзельнікі атрада «Садружнасць» з Княгініна і «Фенікс» са Слабады. У Мядзеле такія работы арганізуе валанцёрскі атрад «Васількі». У нас такі прыгожы край, і хочацца, каб ён быў чыстым, утульным. Таксама праводзім конкурс «Уладар сяла» — у раёне праходзіць адборачны этап, пераможца якога прадстаўляе Мядзельскі край на вобласці. Вядома, акрамя гэтага, існуе яшчэ мноства акцый, напрыклад, «У школу з «Добрым сэрцам», калі валанцёры руху дапамагаюць дзецям са шматдзетных або малазабяспечаных сем’яў падрыхтавацца да школы, ці навагоднія і калядныя мерапрыемствы, конкурсы і акцыі да свят і гэтак далей.
— А ці ёсць нейкае мерапрыемства, якое прыдумалі і праводзяць менавіта ў нашым раёне?
— Адна з апошніх нашых ініцыятыў — «Пазітыўныя людзі». Ідэя нарадзілася ў працэсе абмеркавання гумарыстычных мерапрыемстваў у раёне. Мы прыйшлі да высновы, што ўсё так ці інакш зводзіцца да КВЗ: выступленне каманд, візітоўкі. Хацелася адысці ад гэтага фармату. Мы арыентаваліся на тэлевізійныя шоу, якія падабаюцца моладзі — напрыклад, «STAND UP» на тэлеканале «ТНТ», і вырашылі зладзіць сваё міні-спаборніцтва, куды запрасілі хлопцаў і дзяўчат, якія выступаюць у тэкставым жанры STAND UP, і тых, хто піша гумарыстычныя мініяцюры. Вядома, першапачаткова мы трохі асцерагаліся: як усё пройдзе, ці будзе смешна, але ўсё атрымалася добра. Так што плануем паўтарыць у наступным годзе і, калі ўсё будзе, як і першы раз, зрабіць яго пастаянным.
— Столькі рознай актыўнасці…
— Так, на самай справе розных конкурсаў і акцый так шмат, што ўсё і не пералічыш. Акрамя рэспубліканскіх мерапрыемстваў, праводзім і простыя сяброўскія сустрэчы-вячоркі, напрыклад, збіраліся пагуляць у настольныя гульні, ездзілі на пікнік, гулялі ў пейнтбол. Увогуле, глыбока пераканана, што пры жаданні чалавек заўсёды знойдзе, чым сябе заняць і пацешыць. Ну а калі жадання няма, тут нават БРСМ не дапаможа.

Аляксандра ГАРАЧКА.