Любоў і пяшчота — ад Вольгі Пятроўскай

216

Крыху больш як праз месяц споўніцца два гады, як у ААТ «Будслаўскае» працуе галоўным ветэрынарным урачом В. А. Пятроўская.  Патрапіла Вольга Аляксееўна ў гэту гаспадарку па накіраванні — пасля заканчэння Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Якім жа выдаўся пачатак працоўнай біяграфіі? Пытанне зусім не другаснае. Ад першых крокаў у абранай прафесіі ў многім залежыць як складзецца далейшы лёс чалавека, наколькі гладкай ці, наадварот, пакручастай акажацца яго жыццёвая дарога.

Галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. Ч. Ермаковіч, якому вопыту, як вядома, не займаць, выказаўся так: «Лічу, маладых трэба заўжды падтрымліваць, давяраць ім. А што датычыць Вольгі, яна, як кажуць, на сваім месцы. Мяркуйце самі, за мінулы год захаванасць жывёлы павялічылася па гаспадарцы ў два разы. І заслуга ветурача тут бясспрэчная!».

— Як здарылася, што вы патрапілі менавіта сюды? — задаю першае пытанне Вользе.

— Я родам з Глыбокага. А пры размеркаванні  здарылася так, што мне не было ўжо з чаго выбіраць. Застаўся толькі Будслаў. Ды не шкадую. І, ведаеце, пасля абавязковай адпрацоўкі планую яшчэ за­трымацца ў гэтай гаспадарцы. Сустрэлі мяне добра, дапамаглі асвоіцца. І жыллём забяспечылі, што таксама важна. Шчыра прызнаюся, напачатку было страшнавата, хвалявалася ці спраўлюся. І да жывёлы трэба было падыход шукаць, і да людзей. Цяпер пакрысе набіраюся вопыту ў рабоце з грамадскім статкам. У чым мне дапамагаюць, у прыватнасці, ветфельчары Дзмітрый Садоўскі і Сяргей Макарэвіч.

Бачна па ўсім, дзяўчына не расчаравалася пасля заканчэння вучобы, калі спатрэбілася ўжо канкрэтна прымяніць атрыманыя веды. А з яе расказу даведаўся, што марыла Вольга пасля школы пайсці ў медыцыну, стаць «людскім доктарам». Але засумнявалася ў сваіх сілах, а конкурс быў  вялікі. Мо нешта зусім іншае выбрала б, ды бабуля параіла: «А ты, унучка, аддай сваю любоў і спагадлівасць жывёле. Яна ж таксама патрабуе ўвагі і догляду!».

— Ужо год, як няма бабулі. А ўсё успамінаю, як правільна яна мне тады параіла. Закончыла напачатку Лужаснянскі аграрны каледж, а затым паступіла адразу на трэці курс Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Вось так і пачынаўся мой шлях у прафесію, — гаворыць В. А. Пятроўская.

Сёлетняя марозная зіма прымала, вобразна кажучы, экзамен у многіх. Хапіла клопату і Вользе Пятроўскай, нямала пазавіхалася ў студзені-лютым, каб не за­сталіся «пакрыўджанымі» тыя ж цяляткі. Ды калі назваўся ветурачом —  трэба быць для жывёлы надзейным сябрам, адносіцца да яе з любоўю і пяшчотай. Як і робіць В. А. Пятроўская.

Аляксандр БЫКАЎ.