Лета ў новым фармаце

71

Лета ў новым фармацеУ РАМКАХ рэспубліканскай акцыі “Разумныя канікулы: адпачывай, загартоўвайся, развівайся” з 16 па 18 жніўня ў НДЦ “Зубраня” прайшоў фестываль летніх аздараўленчых лагераў Рэспублікі Беларусь пад назвай “Новы фармат лета”. Мэта — папулярызацыя адпачынку і аздараўлення дзяцей, удасканаленне дзейнасці адпаведных устаноў адукацыі, распаўсюджванне інавацыйнага вопыту і арганізацыя работы лагераў усіх накірункаў. Для ўдзелу ў гэтым фестывалі былі запрошаны каманды лагераў розных тыпаў, профіляў, якія прадстаўлялі вопыт свайго рэгіёну: з Мінска, Барысава і Маладзечна, Дзяржынска і Асіповіч, Гродзенскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Міншчыну прадстаўлялі лагеры летняга адпачынку Свірскай і Нарацкай №1 сярэдніх школ.А цяпер аб гэтай падзеі больш падрабязна. Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося на мінулым тыдні на мясцовым стадыёне. Прайшло яно ў форме тэатралізаванага прадстаўлення і пакінула нямала станоўчых эмоцый у прысутных. Напачатку па дарожцы прайшлі перад запоўненай трыбунай дэлегацыі каманд-удзельніц. Іх віталі бурнымі апладысментамі, а вядучыя суправаджалі кожную лаканічнай інфармацыяй аб іх рабоце. Слова для вітання ўдзельнікаў фестывалю прадастаўляецца намесніку міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В. В. Якжыку.

— Здаецца, зусім нядаўна, 1-га чэрвеня, — пачаў Віктар Віктаравіч, — міністр адукацыі менавіта тут адкрыў летні сезон, які прайшоў у новым фармаце, што быў прапанаваны кіраўніцтвам і педагагічным калектывам рэспубліканскага аздараўленчага адукацыйнага цэнтра. Афіцыйныя вынікі, канечне, падводзіць яшчэ рана, а вось ідэя падсумаваць зробленае ў нефармальнай абстаноўцы вельмі слушная. Удзельнікі такога прадстаўнічага форуму самі раскажуць і пакажуць, як ім адпачывалася, бліжэй пазнаёмяцца з нашым вядучым цэнтрам.

Лета ў новым фармацеСапраўды, лета-2013 стала для дзяцей і падлеткаў насычаным, эмацыянальным і актыўным. Акцыя “Разумныя канікулы” — гэта ўзгодненасць і каардынацыя работы ўсіх відаў летніх лагераў. Як было агучана, на працягу сезона ў Беларусі дзейнічалі творчыя, абаронна-спартыўныя і турыстычныя лагеры, лагеры працы і адпачынку, валанцёрскія, лінгвістычныя, экалагічныя, спартыўныя і многія іншыя.

У сваім выступленні дырэктар НДЦ “Зубраня” Н. Г. Ануфрыева, у прыватнасці, сказала:

— Гэта першы вопыт правядзення такога фестывалю ў Беларусі. Па нашай задумцы, ён павінен стаць цікавым і карысным як для арганізатараў, так і для дзяцей. Хто, як не яны, могуць сказаць, які лагер лепшы? А гэта той, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі адчуваюць сябе шчаслівымі. Калі дзіця смяецца, яму весела, знаходзіць сабе сяброў — гэта сведчыць аб тым, што мы, дарослыя, робім вельмі патрэбную справу. З прыняццем новага Кодэкса аб адукацыі ўпершыню ў гісторыі нашай краіны, ды і на постсавецкай прасторы ўведзены такі тып устаноў адукацыі як выхаваўча-аздараўленчыя. Што сведчыць аб вялікай увазе, якая надаецца дзяржавай гэтым пытанням. І, безумоўна, набыты вопыт трэба развіваць і ўдасканальваць. І мы ўжо сёння мелі магчымасць падчас прэзентацыі летніх лагераў, на выставе метадычнага вопыту пазнаёміцца з цікавымі ўзорамі дзіцячага адпачынку.

Урачыстасць завершана, а вядучыя нагадваюць, што ўдзельнікаў фестывалю на працягу трох дзён чакаюць: маладзёжная дыска-праграма “Зубраня чакае гасцей”, свята “З днём нараджэння, “Зубраня!”, наведванне гульнявога павільёна, горада майстроў, разнастайныя спартыўныя і музычныя пляцоўкі, паказальныя выступленні ДАІ і МНС, шоу-праграма “Калейдаскоп працоўнага лета”. І, канечне, шмат новых знаёмстваў і запамінальных сустрэч. Варта ўзгадаць і карцінную галерэю пад адкрытым небам, дзе прадстаўлены работы вядомых беларускіх мастакоў: І. В. Ахрэмчыка, М. А. Савіцкага, М. З. Шагала, В. К. Жаўток, К. С. Малевіча і іншых.

У суботу а дванаццатай гадзіне для кіраўнікоў дэлегацый быў арганізаваны “круглы стол” на тэму: “Рэспубліканская акцыя “Разумныя канікулы” з удзелам намесніка міністра адукацыі В. В. Якжыка. Каб павесці размову аб тым, наколькі актуальнай з’яўляецца праводзімая акцыя, што трэба змяніць. І, як заўважыў Віктар Віктаравіч, зірнуць на гэты пілотны праект менавіта вачамі спецыялістаў, у тым ліку з рэгіёнаў. На мой погляд, гутарка атрымалася. У ходзе яе былі ўзняты слушныя пытанні, некаторыя з іх узяў на заметку і намеснік міністра.

Раз’язджаліся госці Нарачанскага краю не толькі абмяняўшыся вопытам, але і з найлепшымі ўражаннямі аб “Зубраняці” з яго трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базай, перадавымі метадамі работы з дзецьмі. І чыстым нарачанскім паветрам надыхаліся ўдосталь!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Прадстаўнікі Нарацкай №1 і Свірскай сярэдніх школ; 2. Падчас адкрыцця фестывалю.

Фота Аляксандра Высоцкага.