Лічбы і факты ад Валянціны Цэгалка

69

Лічбы і факты ад Валянціны ЦэгалкаПАМЯТАЕЦЕ савецкі лозунг: “Эканоміка павінна быць эканомнай!”. Заклік гэты, магчыма, у нечым двухсэнсоўны, бо якой яшчэ яна можа быць?! А вось патрабуе найперш ад спецыялістаў адпаведнага профілю, умення рабіць грунтоўны аналіз сітуацыі, каб потым дзейнічаць суладна са зробленымі вывадамі, прымаць канкрэтныя (і часам вельмі адказныя) рашэнні.

Менавіта на гэту тэму і пайшла ў нас размова з галоўным эканамістам ААТ “Будслаўскае” В. В. Цэгалка (на здымку). Валянціна Віктараўна закончыла Віцебскі дзяржаўны політэхнічны тэхнікум, затым па размеркаванні адпрацавала два гады ў АСП “Вузлянка”. А ў 2008 годзе яе запрасілі ў ААТ “Будслаўскае”. Патрапіла, фактычна, у родны кут. Так атрымалася, што нарадзілася дзяўчына ў Сібіры (тата і мама па камсамольскай пуцёўцы выязджалі на будаўніцтва БАМа), але самі бацькі менавіта з Будслава.

У школе мне больш за ўсё падабалася матэматыка, — расказвае Валянціна. — Так што, выбар будучай прафесіі для мяне быў, па вялікім рахунку, прадвызначаны. Паступіла ў тэхнікум пасля 9 класаў, адвучылася тры гады. Надышоў час прымяніць атрыманыя веды непасрэдна на вытворчасці. І яшчэ раз пераканалася ў правільнасці пачутага некалі вызначэння, што тэорыя без практыкі нежыццядзейная. Як, зрэшты, і наадварот. Да таго ж, як вядома, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы маюць сваю спецыфіку. У таварыстве “Будслаўскае” мне давялося замяніць шматвопытную Зінаіду Аляксандраўну Мацко, якая пайшла на заслужаны адпачынак. Яна шмат чаго мне падказала, параіла. Пры неабходнасці звяртаюся за кансультацыяй да калег у іншыя гаспадаркі, заўсёды выслухае і дасць слушную параду намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Ганна Яфімаўна Вайцюлян. Так вось і працую, набіраюся пакрысе вопыту.

Застаецца дадаць, што В. В. Цэгалка ўдасканальваецца ў абранай прафесіі не толькі на практыцы. Валянціна Віктараўна вучыцца завочна ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, закончыла 3 курс. Думаецца, ёсць у гэтай прываблівай, добразычлівай дзяўчыны планы і на асабістае жыццё. Але ж на тое яно і асабістае…

Аляксандр БЫКАЎ.

Фота Ігната Лубнеўскага.