Купанне і цэркарыёз

55

Купанне і цэркарыёзЛЕТА. Сотні людзей імкнуцца адпачыць на берагах вадаёмаў. Але многіх непакоіць пытанне: «Як быць са «свербам купальшчыка» (іншымі словамі з праблемай цэркарыёзу) пасля купання ў возеры Нарач?» Менавіта з такім пытаннем звярнуўся да загадчыцы аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі С. У. НЕСЦЯРЭНКА.

— Цэркарыёз — гэта сезоннае захворванне, якое выклікаюць лічынкі птушыных гельмінтаў. У месцах пранікнення цэркарый скура становіцца чырвонай, з’яўляецца пачуццё смылення і свербу. Яшчэ праз некалькі гадзін выяўляецца высыпка і пухіры. Чалавек становіцца раздражняльным, можа парушацца сон і ўздымацца тэмпература. У рэдкіх выпадках з’яўляецца сухі кашаль. Але праз 7-10 дзён усе сімптомы знікаюць.

— Святлана Уладзіміраўна, якая статыстыка распаўсюджвання «свербу купальшчыка»?

— Часцей за ўсё звяртаюцца людзі, якія пацярпелі ад купання ў возеры Нарач. Летась было 88 зваротаў, у тым ліку 40 — дзяцей. Сёлета пакуль ніхто не звяртаўся.

— Якія меры прафілактыкі гэтага захворвання?

— Паколькі праблема цэркарыёзу на возеры Нарач поўнасцю не вырашана, раю адпачываючым і купальшчыкам праяўляць высокі ўзровень культуры. Абавязкова звяртайце ўвагу на папераджальныя шчыты, устаноўленыя на пляжах. Пазбягайце берагоў, заросшых воднымі раслінамі. Менавіта ў такіх месцах збіраюцца вадаплаўныя птушкі. Заўсёды памятайце, што нельга прыцягваць іх на мелкаводдзе і на бераг кармленнем (яны самі здольныя здабыць сабе ежу), каб зрабіць фотаздымак. Найбольшае скапленне лічынак-цэркарыяў вызначаецца на мелкаводдзі (да глыбіні 60-70 сантыметраў), таму рэкамендуецца заходзіць у ваду з абсталяванага мосціка ці модульнай платформы.

Перад купаннем (ад укаранення лічынак-цэркарыяў) можна змазаць скуру любым рэпелентам на вазелінавай аснове. Пасля належыць абавязкова абмыцца пад душам, а калі яго няма, абцерціся сухім ручніком.

Пры з’яўленні сімптомаў свербу рэкамендуецца працерці скуру свербазніжаючай сумессю. Можна прымяняць мазі, якія ўтрымліваюць 5% ментолу ці 5% дымедролу. Эфектыўна карыстацца «в’етнамскім бальзамам», «ахалоджваючымі» прымочкамі. Па рэкамендацыях медыцынскага работніка можна прымяняць супрацьалергічныя прэпараты. Выконваючы гэтыя рэкамендацыі, вы значна знізіце верагоднасць атрымаць «сверб купальшчыка» пасля прыняцця водных працэдур.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.