«Край, які зачароўвае і палоніць…»

71

"Край, які зачароўвае і палоніць..."АПОШНІЯ чатыры дні на Міншчыне працавала шматлікая дэлегацыя з Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале з генеральным дырэктарам упраўлення знешняга гандлю і эканамічнага супрацоўніцтва правінцыі Гуандун Лян Гуйсюанем. У гэтым самым багатым рэгіёне Паднябеснай вельмі развіты прамысловы сектар, большасць тавараў з маркай “Зроблена ў Кітаі”, “Зроблена ў Ганконгу” — адтуль. Аб многім сведчыць і той факт, што ў правінцыі, якая знаходзіцца на ўзбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора, пражывае больш за 104 мільёны чалавек. Пазаўчора ў сталіцы прайшла бізнэс-канферэнцыя па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і перамоў паміж патэнцыяльнымі беларускімі і кітайскімі дзелавымі партнёрамі з удзелам намесніка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына. На ёй прайшла прэзентацыя інвестыцыйнага клімату сталічнага рэгіёну, а таксама кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне. Бакі таксама абмяняліся думкамі па далейшым развіцці знешнегандлёвых сувязей.

А напярэдадні, у нядзелю, прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі, якую ўзначальваў Лян Гуйсюань, пабывалі ў нашым азёрным краі. На плошчы Леніна іх вітаў старшыня райвыканкама Ілья Шацько, дзяўчаты ў нацыянальных строях прыпаднеслі гасцям хлеб-соль. Ілья Іванавіч расказаў ім пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Мядзельшчыны, яе шырокія магчымасціх як у справе аздараўлення людзей, так і ажыццяўлення інвестыцыйных праектаў. Затым прадстаўнікі Кітая адправіліся ў азнаямленчую паездку па раёне. Яны пабывалі ў дэндрасадзе Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, на Нарацкім філіале Маладзечанскага малочнага камбіната, у санаторыі “Прыазёрны”. І ўсюды жыва захапляліся чысцінёй і парадкам, мясцовай флорай, цудоўнымі краявідамі, гаючай прыродай, сардэчна дзякавалі за гасцінны прыём. Як адзначыў у размове Лян Гуйсюань, Мядзельшчына — гэта край, які зачароў¬вае і палоніць сваёй прыгажосцю…

Павел ЖУКАЎ.

На здымку: прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі на беразе возера Мястра. У цэнтры — старшыня райвыканкама Ілья Шацько і кіраўнік дэлегацыі з правінцыі Гуандун КНР Лян Гуйсюань.

Фота аўтара.