Комплексная праверка раёна завершана

77

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці раз­гле­джаны вынікі комплекснай праверкі Мя­дзельскага раёна і хода рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады. Да канструктыўнага дыялогу былі запрошаны прадстаўнікі органаў улады і арганізацый азёрнага краю, адказныя выканаўцы мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы і патэнцыйныя інвестары. У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама В. У. Шчэцька.

Размова ішла пра вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна, прычыны, якія марудзяць працэс рэалізацыі дзяржаўнай праграмы, а таксама пра невыкарыстаныя рэзервы па паляпшэнні эканамічнай сітуацыі ў цэлым. Адзначалася, што за апошнія гады развіццю Нарачанскага рэгіёну надаецца прыярытэтнае значэнне. Дзяржавай ажыццяўляецца маштабная і мэтанакіраваная работа па стварэнні аздараўленчага, культурна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра рэспублікі, адпавядаючага еўрапейскім патрабаванням. Інвестарам прадастаўляюцца сур’ёзныя прэферэнцыі пры рэалізацыі праектаў. Вынік не прымусіў сябе чакаць. Проста ўражвае сваім размахам задумка інвестара (ПУП «Аграэкаадпачынак») наконт будаўніцтва этнакультурнага турыстычнага комплексу ў в. Наносы — вытрыманыя ў адзіным архітэктурным стылі будынкі адміністрацыйнага корпуса і кіраўніцтва аграсядзібы, 12-ць гасцявых домікаў з рускай печчу, лазняй, птушнікамі, ветраным і вадзяным млыном з пякарняй, канюшняй з крытым манежам, музеем быту беларускага народа. Плануецца арганізацыя палявання ва ўгоддзях Нацыянальнага парку, прагулкі на катэры і пад парусам, розныя водныя атракцыёны. У цяперашні час інвестарам ужо ўкла­дзены ў будаўніцтва 4,2 млрд рублёў.

У выніку рэалізацыі дзяржаўнай праграмы змяніўся знешні выгляд г. Мядзел і к. п. Нарач. У Мядзеле завершана будаў­ніцтва дажджавой каналізацыі, створана міні-ТЭЦ на цэнтральнай кацельні, праве­дзена рэканструкцыя аўтавакзала, пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, узводзіцца новая гасцініца. У курорт­ным пасёлку таксама закончаны будаўніцт­ва дажджавой каналізацыі і новага аў­та­вакзала, рэканструкцыя гасцініцы «Нарач» (да ўзроўню тры зоркі). Працягваюцца работы па рэканструкцыі карпусоў у санаторыі «Спадарожнік» і турыстычным комплексе «Нарач». У раёне ўведзены ў эксплуатацыю такія аб’екты сацыяльнай сферы, як Дамы культуры ў аграгарадках Занарач і Будслаў, школа ў аграгарадку Старлыгі, аддзяленне кругласутачнага прабывання для адзінокіх і адзінока пражываючых у в. Вузла.

Разам з тым, за тыя паўтара года, што рэалізоўваецца Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады, да шэрагу мера­прыемстваў і інвестыцыйных праектаў адказныя пакуль і не прыступілі. Так, за 2011 год з 50 запланаваных мерапрыемстваў, фінансаванне якіх ажыццяўляецца як за кошт сродкаў бюджэту, так і ўласных грошай арганізацый, не выканана 6. Напрыклад, рэканструкцыя вучэбна-трэніровачнай базы ўстановы «Рэспубліканскі  цэнтр алім­пійскай падрыхтоўкі па парусным спорце» ў в. Гатавічы (уласнік Мінспорт) так і не скранулася з месца. У бягучым годзе па-ранейшаму пад пытаннем пачатак работ па будаўніцтве станцыі абезжалезвання (праект распрацаваны ў 2011 годзе), другой чаргі палігона цвёрдых бытавых адыходаў і сартавальнай станцыі ў Мядзеле (тэрмін завяршэння — 2013 год). Маруднымі тэмпамі вядзецца  рэалізацыя 13-ці з 24-х інвестыцыйных праектаў. Недастаткова выкарыстоўваюцца рэкрэацыйныя магчымасці Нарачанскага рэгіёну. Адчуваецца востры дэфіцыт аб’ектаў забаўляльнага характару, што змяншае прываблівасць адпачынку для замежных грама­дзян, якія прывыклі да больш высокай якасці прадастаўляемых паслуг, і не дазваляе да­дзенай зоне паспяхова канкурыраваць з вядомымі замежнымі курортамі.

Калі ў цэлым колькасць пабываўшых у санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях Нарачанскага краю ў 2011 го­дзе ў параўнанне з 2010 павялічылася на 2677 чалавек (3,8%), то замежных грамадзян адпачыла на 3116 чалавек менш (на 12%). Гэта тэндэнцыя пры захаванні існуючага ўзроўню абслугоў­вання асобных здраўніц будзе мець месца і ў 2012 годзе, калі, вядома, своечасова не прыняць кардынальных мер па павышэнні якасці і пашырэнні аб’ёму аказваемых паслуг.

Вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна сведчаць пра станоўчую дынаміку развіцця рэгіёну. Аднак на працягу апошніх двух гадоў (за 2010-2011) не было забяспечана выкананне некаторых прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Недастатковая ўвага ўдзялялася вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Неабходна таксама больш увагі ўдзяляць выкананню ў тэр­мін даручэння кіраўніка дзяржавы па рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні  малочнатаварных ферм па поўным сучасным тэхналагічным цыкле, закончыць работы на якіх запланавана ў 15 сельгас­арганізацыях раёна.

Праблемным застаецца пытанне па прыцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца. Па стану на 1 ліпеня 2012 года на тэрыторыі раёна налічвалася 25 такіх аб’ектаў камунальнай уласнасці.

Па выніках калегіі выпрацаваны шэраг мер, накіраваных на забеспячэнне больш эфектыўнай работы па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады, а таксама на недапушчэнне парушэнняў заканадаўства надалей.

Упраўленне кантролю бюджэтна-фінансавай

і сацыяльнай сферы Камітэта

дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.