На тэрыторыі Занарацкага сельсавета актыўна дзейнічае Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “ЭкаДом” і яго нямецкі партнёр — дабрачынная арганізацыя “Дамы замест Чарнобыля”. Менавіта імі былі рэалізаваны такія сумесныя праекты, як будаўніцтва 30 экалагічна чыстых жылых дамоў па вуліцы Дружная ў в. Стахоўцы, ветраэнергетычных установак, новага энергаэфектыўнага будынка амбулаторыі ў в. Занарач, правядзенне на базе вуліцы Дружная розных гуманітарных праграм сацыяльнай накіраванасці.
У верасні 2006 года ў в. Стахоўцы быў арганізаваны культурна-адукацыйны цэнтр МДГА “ЭкаДом”, на базе якога створаны клуб па інтарэсах “Сіняя птушка”. Асноўная мэта — сацыяльная рэабілітацыя і інтэграцыя, павышэнне якасці жыцця грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Што датычыць клуба, то ён ствараўся для арганізацыі цікавага правядзення вольнага часу насельніцтвам, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, задавальнення духоўных патрэбнасцей грамадзян, садзейнічання ўсебаковаму і гарманічнаму развіццю асобы, раскрыцці яе творчых і інтэлектуальных здольнасцей. Для рэалізацыі пастаўленых мэт былі арганізаваны заняткі па інтарэсах: курсы кройкі і шыцця, арыгамі, бісерапляценне, ізаніткі, вязання, мастацкай самадзейнасці.
Для сацыяльнай рэабілітацыі перасяленцаў такі ж культурна-адукацыйны цэнтр быў пабудаваны ў в. Стары Лепель. У нас узнікла ідэя правесці праект “Дыялог пакаленняў” на базе нашага і Старалепельскага цэнтраў, каб пашырыць дзейнасць і праводзіць больш разнастайныя мерапрыемствы. Праект МДГА “ЭкаДом” атрымаў фінансавую падтрымку германскага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” ў супрацоўніцтве з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”.
Праект “Дыялог пакаленняў” разлічаны на 2 гады. Яго мэта — павысіць сацыяльны статус асоб пажылога ўзросту, прадаставіць ім магчымасць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Работа праводзіцца пры ўдзеле моладзі, сем’яў перасяленцаў, вопытных спецыялістаў, валанцёраў. Пажылым людзям прапаноўваюцца тэматычныя мерапрыемствы, лекцыі на медыцынскую тэматыку, гурткі, трэнінгі, экскурсіі. Да ўдзелу запрашаюцца таксама нямецкія спецыялісты.
За час ажыццяўлення праекта старэйшыя людзі змаглі не толькі падзяліцца сваім жыццёвым вопытам, але і шмат чаго новага для сябе адкрыць. У прыватнасці, даведацца пра жыццё сваіх равеснікаў у іншых краінах, іх захапленні і лад жыцця. А яшчэ яны змаглі пабываць у старажытным Полацку, пазнаёміцца з такімі помнікамі архітэктуры як Полацкі Спаса-Еўфрасіньеўскі жаночы манастыр і Сафійскі сабор.
Рэалізацыя дадзенага праекта будзе садзейнічаць развіццю дыялогу паміж старэйшымі людзьмі і маладымі, актыўнай інтэграцыі пажылых у сацыяльнае жыццё, наладжванню ўзаемаразумення, міжкультурных камунікацый паміж народамі Беларусі і Германіі.
А. БАЖОК.
Кіраўнік клуба “Сіняя птушка”.