Хаця дынаміка і станоўчая

87

Хаця дынаміка і станоўчаяВЫНІКІ сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны за першае паўгоддзе маглі быць больш важкімі. На гэта ўказвалася ў ходзе чарговага пасяджэння райвыканкама ў мінулую пятніцу. Упэўнена забяспечана выкананне трох прагнозных паказчыкаў — па экспарту тавараў і паслуг, намінальным сярэднемесячным заробку, які за шэсць месяцаў дасягнуў 3735,1 тысячы рублёў. А вось па прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове мы маем толькі 7,9 працэнта ад намечанага. Як прагучала ў дакладзе намесніка старшыні райвыканкама Леаніда Берняковіча, станоўчая дынаміка ў прамысловасці дасягнута за лік харчовых прадуктаў. Запасы гатовай прадукцыі на складах — не з вялікіх — 11,7 працэнта да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.

Не сакрэт, што на вёсцы стабільнае паступленне фінансавых сродкаў у касы сельскагаспадарчых арганізацый сёння найперш гарантуе дастойны ўзровень прадуктыўнасці дойнага статка. На жаль, тут хваліцца не выпадае. Сярэдні надой малака ад каровы ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам знізіўся на 155 кілаграмаў, а рэалізацыя дзяржаве — на 2456 тон, альбо на ладны эшалон з сарака адной чыгуначнай цыстэрны. Найбольшае зніжэнне валавой вытворчасці малака дапушчана ў таварыствах “Слабодская зара”, “Нарацкая ніва-2004”, на ўнітарным прадпрыемстве “Габы-Агра”. Канечне, з такімі падыходамі ў рабоце мірыцца нельга. І зусім не выпадкова старшыня райвыканкама Ілья Шацько заўважыў, што ў азёрным краі з-за бедных зямель даволі праблематычна атрымліваць рэкордныя ўраджаі збожжавых. Затое нішто не перашкаджае мець высокую прадуктыўнасць грамадскага статка. Адно, чаго многім не стае, — належнай арганізацыі справы на жывёлагадоўчых фермах, парадку і захавання тэхналагічай дысцыпліны.

Правалена ў сельскай гаспадарцы і заданне па рэнтабельнасці продажаў. Гэты важны прагнозны паказчык забяспечыла толькі ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”. Паўдзясятка арганізацый і наогул атрымалі адмоўны вынік. Так, у таварыстве “Слабодская зара” рэнтабельнасць продажаў склала ажно мінус 64 працэнты, на ўнітарных прадпрыемствах “Княгінін-Агра” — 15,1 і “Габы-Агра” — мінус 12,8 працэнта. Адно добра: усе нашы гаспадаркі, ды і раён у цэлым, справіліся з мэтавым паказчыкам па энергазберажэнні.

Рознічны тавараабарот склаў 224,7 мільярда рублёў, альбо 112,8 працэнта ў супастаўных цэнах да першых шасці месяцаў мінулага года. Найбольш высокія яго тэмпы росту забяспечаны па арганізацыях без ведамаснай падпарадкаванасці. Пакупка насельніцтвам прамысловых тавараў пераважала спажыванне харчовых прадуктаў, напояў і тытунёвых вырабаў. Лепш, чым летась, папрацавала і грамадскае харчаванне.

Колькасць занятых у эканоміцы Мядзельшчыны па стану на пачатак ліпеня склала 12841 чалавек, створана 109 новых рабочых месцаў. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя зафіксаваны ў сацыяльна дапушчальных межах — 0,58 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Трэба адзначыць і тое, што тры арганізацыі завяршылі паўгоддзе са стратамі. Па птушкафабрыцы “Новая зара” яны складаюць 2 мільярды 732 мільёны рублёў, КГУП “Нарач курортгандаль” — 571 і КСУП “Княгінін-Агра” — 520 мільёнаў рублёў. Цікавы наступны факт. Зараз у нас налічваецца 426 індывідуальных прад¬прымальнікаў. А доля суб’ектаў малога і сярэдняга бізнэсу ў агульных падатковых паступленнях раёна роўна 50 працэнтам — 36,2 мільярда рублёў.

Выклікае заклапочанасць уцягненне ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца. Калі меркаваць па адпаведным графіку, зацверджаным рашэннем райвыканкама, такіх аб’ектаў на гэты год шаснаццаць. І з іх змаглі задзейнічаць за шэсць месяцаў толькі два. Прычыны самыя розныя. Адны не аформілі праваўстанаўліваючыя дакументы на аб’екты, другія — не накіравалі матэрыялы ў інстытут нерухомасці і ацэнкі для правядзення экспертызы, трэція — не знеслі напаўразбураныя пабудовы… Безумоўна, гэта непарадак, усё намечанае трэба выконваць у вызначаныя тэрміны. Некаторым кадрам на пасяджэнні давялося трымаць справаздачы. У іх ліку — першы намеснік генеральнага дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Шабовіч, дырэктары АСП “Вузлянка” Пётр Жарыкаў і ААТ “Свір-Агра” Генадзь Юхно, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Ефімава.

За непрыняцце дзейсных мер па прыцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, прамаруджванне з дзяржаўнай рэгістрацыяй аб’ектаў нерухомасці ў адпаведнасці з графікам райвыканкам вырашыў прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці дырэктара КГУП “Нарач курортгандаль” Уладзіміра Лазоўскага, генеральнага дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзіміра Валасевіча і некаторых іншых кіраўнікоў. Апрача гэтага, адзначана недастатковая работа па прывабліванні інвестыцый у асноўны капітал дырэктараў унітарнага прадпрыемства “Ілаўскае” Андрэя Януковіча, адасобленага структурнага падраздзялення “Вузлянка” КГУП “Мінскі Камароўскі рынак” Пятра Жарыкава, старшынь сельскіх выканаўчых камітэтаў — па выкананні ўстаноўленых заданняў па нарыхтоўцы лому і адыходаў чорных металаў. Усім тым, хто недапрацоўваў, у рашэнні ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны для ўхілення хібаў. Так, ад Уладзіміра Лазоўскага і дырэктара Мядзельскага філіяла ААТ “Універсалрамбуд” Аляксандра Кісяля патрабавана неадкладна прыняць меры па завяршэнні рамонту Дома быту ў райцэнтры да 20 жніўня гэтага года, а ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый — да 1 верасня — рэканструкцыі ці будаўніцтва фермаў.

У рабоце пашыранага пасяджэння прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, які выступіў, а таксама намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Вячаслаў Шыпароў і начальнік аддзела народнай творчасці, культурнага баўлення вольнага часу і ўстаноў адукацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Яўген Асташоў.

Павел ЖУКАЎ.