Кандыдат навук з Уздрыгалавіч

128

Кандыдат навук з УздрыгалавічНЕ памылюся, калі скажу, што пра Франца Світу чулі далёка не ўсе жыхары Мядзельшчыны. Хоць ураджэнец вёсачкі ў цяперашнім Крывіцкім сельсавеце вельмі шмат зрабіў для жыхароў нашай вобласці і нават усяго Савецкага Саюза. І, безумоўна, варты, каб пра яго ведалі і памяталі на малой радзіме.

СЁЛЕТА споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Франца Іосіфавіча Світы (1928-2011) — хірурга, гематолага вышэйшай катэгорыі, галоўнага ўрача Мінскай абласной станцыі пералівання крыві ў горадзе Маладзечне, кандыдата медыцынскіх навук. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, працоўнага Чырвонага Сцяга, двума медалямі, нагрудным знакам імя Пірагова, значкамі “Выдатнік аховы здароўя”, “Выдатнік санітарнай абароны”, “Выдатнік грамадзянскай абароны”, Знакам Пашаны…
А нарадзіўся 26 лютага 1928 года ў вёсцы Уздрыгалавічы (цяпер — Мядзельскі раён). Закончыў Крывіцкую сямігодку, з верасня 1945-га па 1948-ы працягнуў навучанне ў Вілейскай рускай сярэдняй школе №2. У 1954-ым на выдатна закончыў лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута.
Адразу працаваў загадчыкам Бакштанскай сельскай участковай бальніцы ў Юрацішкаўскім раёне, а са снежня 1955-га па ліпень 1957-га — загадчыкам Занарацкай сельскай участковай бальніцы на Мядзельшчыне. Паказаў сябе добрым урачом, арганізатарам і гаспадарнікам, заслужыў павагу насельніцтва, медыкаў бальніцы і раёна.
А ўжо з 1 жніўня 1957 года прызначаны галоўным урачом Маладзечанскай станцыі пералівання крыві (пасля скасавання Маладзечанскай вобласці станцыя стала Мінскай абласной). Па сумяшчальніцтве працаваў хірургам у гарадской бальніцы.
Франц Світа і яго калектыў шмат зрабілі для развіцця службы пералівання крыві вобласці. Узведзены і забяспечаны найсучаснейшым абсталяваннем новыя будынкі станцый пералівання крыві ў Маладзечне, Барысаве і Слуцку. Створана сетка аддзяленняў пералівання крыві пры раённых бальніцах. Шырока распаўсюдзілася бязвыплатнае донарства, узрос аб’ём нарыхтоўкі крыві. Асвоены выраб з яе многіх прэпаратаў. У лячэбнай практыцы шырокае распаўсюджанне атрымаў метад пералівання донарскай крыві, яе кампанентаў, прэпаратаў і кровазамяняльнікаў. Адкрыты шэраг новых лабараторый, укараняюцца найноўшыя методыкі даследаванняў донарскай крыві і кантролю за якасцю вырабленых з яе прэпаратаў. На базе абласной станцыі вядзецца падрыхтоўка медыцынскіх кадраў па пытаннях трансфузіялогіі для службы крыві і бальніц. Нездарма ў 1974 годзе калектыву абласной станцыі пералівання крыві (першаму з медустаноў Міншчыны!) прысуджана ганаровае званне “Калектыў камуністычнай працы”. Неаднойчы быў ён і лаўрэатам разнастайных агульнасаюзных конкурсаў, аглядаў і спаборніцтваў.
Медыцынскую практыку Франц Світа паспяхова спалучаў з навукова-даследчай і рацыяналізатарскай дзейнасцю. Распрацаваў і ўкараніў у прамысловую вытворчасць прэпарат для лячэння ацёку галаўнога мозгу “мачавіна для ін’екцый”, а таксама пластыкатную сістэму для асептычнага растварэння сухіх лекавых прэпаратаў, атрымаў два аўтарскія пасведчанні. Аўтар больш як 50-ці навуковых публікацый, у тым ліку (разам з М. З. Івашкевічам і А. В. Манулікам) манаграфіі “Служба крыві і донарства Міншчыны”. Быў у складзе рэдакцыйнага савета кнігі “Арганізатары аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” (2002).
Адна з самых важных навуковых распрацовак Франца Світы — гатовая лекавая форма айчыннага прэпарата для лячэння ацёку галаўнога мозгу “мачавіна для ін’екцый”. На базе абласной станцыі пералівання крыві распрацоўшчык арганізаваў лабараторыю па вырабе прэпарата (у штаце было 11 чалавек). Працавала яна на ўмовах гаспадарчага разліку. З 1962 года па 1968-ы лабараторыя вырабляла і накіроўвала прэпарат у 92 клінікі Савецкага Саюза! У 1966 годзе яго сталі вырабляць у прамысловым маштабе на Днепрапятроўскім заводзе бактэрыйных прэпаратаў, што дазволіла забяспечыць лячэбныя ўстановы ўсяго СССР (раней прэпарат закуплялі за мяжой). Франц Світа ўдзельнічаў у складанні інструкцыі па прымяненні прэпарата, распрацаваў тэхнічныя ўмовы яго
вырабу. У 1963 годзе атрымаў аўтарскае пасведчанне на гэта вынаходніцтва, а ў 1968-ым па гэтай тэме абараніў кандыдацкую дысертацыю.
У 1968 годзе распрацаваная Францам Світам аднаразовая пластыкатная сістэма для асептычнага растварэння сухіх лекавых прэпаратаў была зацверджана і ўкаранёна ў вытворчасць. Галоўны камітэт Усесаюзных дасягненняў народнай гаспадаркі СССР узнагародзіў аўтара бронзавым медалём.
Працавітасць, пастаянны пошук новага і імкненне да перадавога, клопат пра падначаленых, чалавечнасць, сціпласць, сумленасць, высокая культура, дабразычлівасць, глыбокія прафесійныя веды прынеслі Францу Світу павагу супрацоўнікаў і шырокага кола медработнікаў.
…У Занальным дзяржаўным архіве ў Маладзечне знаходзіцца фонд асабістага паходжання Франца Світы. У ім — 98 спраў за 1987 — 2006 гады: аўтабіяграфічныя звесткі, дакументы аб вынаходніцтвах і рацыяналізатарскіх прапановах, навукова-даследчай і рацыяналізатарскай дзейнасці, рукапісы, артыкулы, а таксама друкаваныя матэрыялы, кнігі і дакументы аб дзейнасці Мінскай абласной станцыі пералівання крыві ў Маладзечне. Першыя з гэтых дакументаў перададзены ў архіў у 1987 годзе, апошняе ж паступленне было ў 2009-ым.

Ю. АЎЧЫННІКАВА.
Архівіст Занальнага дзяржаўнага