Камісія не падвядзе!

223

resize-of-p42000271 Па сённяшні дзень уключна працягваецца датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 26 склікання. А заўтра ў 8 гадзін раніцы выбарчыя ўчасткі гасцінна расчыняць дзверы, каб прыняць асноўную масу выбаршчыкаў. Не выключэнне і Старлыгскі выбарчы ўчастак для галасавання № 17. У дзень наведвання яго пацікавілася ў старшыні ўчастковай камісіі Т. А. Курачкі, як яны гатовы да гэтага адказнага палітычнага мерапрыемства. У адказ пачула:

— Да выбараў падрыхтаваліся належным чынам. Абсталявалі ўсім неабходным участак для галасавання. Ён у нас размяшчаецца ў памяшканні сельскага Дома культуры, які пасля рамонту выглядае даволі прывабна. Ёсць кабіны для галасавання, дзе ўстаноўлены урны для бюлетэняў, пастаўлена па століку, крэслу, каб чалавек змог прысесці і спакойна зрабіць свой выбар у адносінах да таго ці іншага кандыдата. Акрамя таго, падрыхтавана месца для работы камісіі. Ёсць і сейф, дзе захоўваюцца чыстыя бланкі бюлетэняў. З 20 красавіка, калі пачалося датэрміновае галасаванне, нясе сваю вахту супрацоўнік міліцыі. Будзе ў нядзелю і канцэрт мастацкай самадзейнасці. Сапраўды, вельмі хочацца, каб у выбаршчыкаў быў цудоўны настрой, каб у іх душы адчувалася свята.

— Камісія, мяркую, таксама не падвя­дзе? — запыталася ў сваёй суразмоўцы?

— Безумоўна. І наша, і на іншых участках. У нас, напрыклад, з сямі членаў шэсць — людзі вопытныя, ужо не ўпершыню выконваюць гэта грамадскае даручэнне. Толькі для Валянціны Васільеўны Лукша яно новае. Аднак, ведаючы стараннасць гэтай жанчыны, пераканана, што з роляй сакратара камісіі яна справіцца бліскуча.

 — Напэўна, у вас знойдуцца жадаючыя прагаласаваць на даму? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

— Так, — адказала Таццяна Анатольеўна. — Многія населеныя пункты аддалены ад участка для галасавання. А таму пажылыя, хворыя людзі не ў стане самі наведацца да нас. Ад такіх прымаем заяўкі для галасавання на даму. Увогуле ў спісы для галасавання па ўчастку ўнесена 388 чалавек. Упэўнена, што большасць вяскоўцаў праявіць сваю грамадзянскую актыўнасць. Датэрміновае галасаванне, дарэчы, таксама паказвае неабыякавасць нашых людзей да палітычнага жыцця краіны. 

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: на Старлыгскім участку для галасавання № 17 галасуе датэрмінова жыхарка вёскі Старлыгі Марыя Казіміраўна Катлярова.

Фота Ігната Лубнеўскага.