Калі электраправодка няспраўная…

82

Калі электраправодка няспраўная...СЁННЯ распаўсюджанай прычынай пажараў з’яўляецца парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасеткі. І асабліва гэта актуальна з наступленнем халадоў, калі нагрузка на электрасетку павялічваецца. Калі вы заўважылі, што моцна награваюцца вілкі, разеткі, правады ў час работы электрабытавой тэхнікі, бачна іскрэнне і чуваць гук патрэсквання ў разетках, адчуваецца пах гарэлай гумы ці пластмасы, ёсць сляды сажы на вілках і разетках, то гэта азначае, што электраправодка няспраўная. Зараз электрабытавыя прыборы атрымалі шырокае распаўсюджванне, а вось электраправодка ў нашых дамах, якая зроблена ў 50-80-гадах, не разлічана на высокую нагрузку. Ды і з часам ізаляцыя старых правадоў высыхае, трэскаецца і асыпаецца. Гэта можа прывесці да кароткага замыкання і загарання.

З пачатку года ў рэспубліцы адбылося 5187 пажараў, на якіх загінулі 537 чалавек, з іх 17 — дзеці. У нашым раёне сёлета адбылося 28 пажараў, загінулі тры чалавекі.27 верасня ў 20 гадзін 21 мінуту адбыўся пажар у доме №7 па вуліцы Зялёнай у аграгарадку Нарач. Агнём пашкоджана ўнутраная аддзелка дома, летні пакой і калідор выгаралі з сярэдзіны. Знішчана ўся маёмасць, якая знаходзілася ў летнім пакоі, а таксама пашкоджана маёмасць у суседніх пакоях. У агні загінула Міраслава Красоўская, 1941 года нараджэння, якая жыла ў гэтым доме. Прычына пажару — парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электраправодкі.

Пра тое, што пажар лягчэй папярэдзіць, чым ліквідаваць яго наступствы, ведае нават дзіця. Пазбегнуць гэтай бяды нескладана, калі захоўваць элементарныя меры перасцярогі. Таму ўважліва агледзьце сваё жыллё і пабудовы, дзе пракладзена электраправодка. Ухіліце знойдзеныя праблемы. Спраўная праводка — гарантыя вашай бяспекі.

Памятайце, што любыя электрапрыборы нельга тушыць вадой. Пры іх загаранні ў першую чаргу неабходна выняць штэпсельную вілку з разеткі, калі няма магчымасці поўнасцю абясточыць кватэру.

А. САКАЛДЫНСКІ.

Інспектар ІДПН РАНС, лейтэнант унутранай службы.