Калі адна мэта…

93

Калі адна мэта…ЖЫЦЦЁ не прыносіць радасці, калі раптам узнікаюць праблемы са здароўем. У сучасным свеце наўрад ці знойдзецца такі чалавек, які б ні разу не хварэў. Разам з урачамі дзейсную і кваліфікаваную дапамогу насельніцтву аказваюць супрацоўнікі аптэк — правізары і фармацэўты. Менавіта гэтыя людзі забяспечваюць насельніцтва ўсімі неабходнымі медыцынскімі прэпаратамі і даюць кансультацыі адносна іх прыёму, дапамагаюць кожнаму з нас разабрацца ў вялікай колькасці разнастайных лекавых сродкаў, а некаторыя з іх нават вырабляюць самі.

Прыкладна шэсць гадоў таму ў санаторыі «Прыазёрны» пачала працаваць аптэка № 14 філіяла «ЛекаЦэнтр» дзяржаўнай установы «Цэнтркурорт». І літаральна з першых дзён яна набыла папулярнасць не толькі сярод адпачываючых курорта, але і мясцовага насельніцтва. Калектыў аптэкі невялікі — усяго тры чалавекі. Другі год яго ўзначальвае Марына Мікалаеўна Кундра. А яшчэ тут працуе фармацэўт-рэцэптар Алена Сяргееўна Кочнева і ўпакоўшчык-маркіроўшчык цэн Валянціна Алегаўна Зубко.Як расказала загадчыца, калектыў невялікі, дружны і зладжаны. Кожны ў любую хвіліну гатоў прыйсці на дапамогу іншаму, трэба — дык і падмяніць. Ніхто не спрачаецца, маўляў, гэта не мае абавязкі. Ва ўсіх мэта адна — задаволіць попыт наведвальнікаў на лекавыя сродкі.

— Наша кіраўніцтва знаходзіцца ў Мінску. А тут, у санаторыі «Прыазёрны», арандуем памяшканне. Адразу хачу выказаць шчырую падзяку і былому дырэктару здраўніцы Леаніду Аляксандравічу Александровічу, і цяперашняму — Аляксею Аляксандравічу Шапяцько за разуменне нашых праблем, — гаворыць Марына Мікалаеўна. — Летась праводзілі рамонт аптэкі. Звярнуліся да дырэктара, маўляў, вельмі цесна, як бы пашырыць плошчу. І гэта пытанне было вырашана станоўча.

З далейшай размовы даведаўся, што асноўны акцэнт тут робяць на медпрэпараты айчыннай вытворчасці. І многія адпачываючыя, асабліва расіяне, з задавальненнем набываюць лекі менавіта беларускіх вытворцаў.

— Акрамя лякарстваў, чым яшчэ гандлюе аптэка? — пытаюся.

— Касметыка, сродкі санітарыі, догляду і многае іншае. Працуем таксама пад заказ. Для зручнасці наведвальнікаў у нас устаноўлены тэрмінал. Таму за лекі можна разлічыцца з дапамогай пластыкавай карткі, — чую ў адказ. — Усяго працуе 15 аптэк сеткі «ЛекаЦэнтр». З іх 11 — у Мінску, астатнія — у санаторыях «Крыніца» (п. Ждановічы), «Прыазёрны» (к. п. Нарач), «Баравое» (г. п. Бягомль), «Сосны» (в. Гатавічы).

Тут рэгулярна праводзяць семінары-кансультацыі па касметычных сродках беларускіх вытворцаў: «Беліта», «Вітэкс», «Белкасмет», «Беліта-М», «Модум». Адпачываючыя з задавальненнем наведваюць такія мерапрыемствы, уважліва слухаюць, пры неабходнасці ўдакладняюць, раяцца і набываюць беларускую касметыку.

Асенне-зімовы перыяд лічыцца найбольш напружаным для работнікаў аптэкі, бо да звыклых хвароб далучаюцца яшчэ і сезонныя прастудныя, інфекцыйныя. Тут у ход ідуць не толькі лякарствы, але і вітаміны, прэпараты па прафілактыцы, умацаванні імунітэту, а таксама травы, якія ёсць у аптэцы.

У рабоце аптэкара важнае значэнне мае, канечне, яго адукаванасць, прафесійная дасведчанасць. Менавіта такімі якасцямі валодаюць усе работнікі аптэкі № 14 філіяла «ЛекаЦэнтр».

Шмат шчырых, удзячных слоў выказала загадчыца ў адрас Алены Сяргееўны Кочневай і Валянціны Алегаўны Зубко. Гэта не толькі кампетэнтныя, адказныя спецыялісты, але і выхаваныя, шчырыя і добразычлівыя людзі.

Не лішнім будзе адзначыць, што за добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых і грамадскіх абавязкаў загадчыца аптэкі Марына Мікалаеўна Кундра ўзнагароджана Ганаровай граматай дзяржаўнай установы «Цэнтр па санаторна-курортнай рабоце «Цэнтркурорт» Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: фармацэўт-рэцэптар А. С. Кочнева і загадчыца аптэкі М. М. Кундра.

Фота аўтара.