Калі аб’ект злачынства — веласіпед

260

У МІЛІЦЭЙСКІХ зводках вельмі часта можна ўбачыць  паведамленні пра крадзеж веласіпедаў. Прычым як звычайных, дзіцячых, так і многаскарасных. Пра тое, што садзейнічае крадзяжам і як зберагчы ад зладзеяў свой двухколавы транспарт, гутару з першым намеснікам начальніка РАУС-начальнікам крымінальнай міліцыі
Дзмітрыем АНТАНОВІЧАМ.
Дзмітрый Яўгенавіч тлумачыць, што ў летні перыяд пастаянна адзначаецца павелічэнне колькасці крадзяжоў веласіпедаў. А спрыяе гэтаму ў асноўным нядбайнасць іх уладальнікаў. Сапраўды, грамадзяне нярэдка пакідаюць веласіпеды ў пад’ездах шматкватэрных дамоў, на дварэ, нават не прышпіліўшы іх з дапамогай замыкаючых прыстасаванняў. А гэта зладзеям на руку. Згодна статыстыцы, каля 70% веласіпедаў выкрадаецца па прычыне свабоднага да іх доступу.
— А якая сітуацыя з крадзяжамі двухколавых транспартных сродкаў у нас на Мядзельшчыне зараз?
— Толькі ў перыяд з 1 чэрвеня бягучага года па сёння на тэрыторыі раёна зарэгістравана 7 фактаў крадзяжоў веласіпедаў, па якіх узбуджаны крымінальныя справы. Супрацоўнікамі міліцыі ў ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена месцазнаходжанне шасці. А адзін дагэтуль яшчэ не знойдзены. Гэта веласіпед Limber Gita белага колеру з адкрытай рамай коштам 700 рублёў. Яго ўкрала неўстаноўленая асоба з 12.00 да 15.00 гадзін 30 чэрвеня 2020 года шляхам свабоднага доступу з-пад паветкі, размешчанай у двары дома
№ 50 па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Чараўкі. Дарэчы, веласіпед не быў прышпілены. Па гэтым факце раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Калі каму штосьці вядома пра ўкрадзены веласіпед, паведаміце, калі ласка, у дзяжурную часць раённага аддзела ўнутраных спраў. Будзем вельмі ўдзячны за дапамогу.
— На што б вы параілі звярнуць увагу ўладальнікам двухколавых транспартных сродкаў, каб засцерагчы сваю маёмасць ад крадзяжоў?
— Захоўваць веласіпед трэба ў памяшканнях, якія замыкаюцца. Не пакідаць яго нават на непрацяглы час непрышпіленым. А яшчэ лепш, каб ён знаходзіўся навідавоку. Скажам, у зоне дзеяння камер відэаназірання, калі
такія там ёсць. Вельмі важна захоўваць дакументы, якія атрымлівае ўладальнік веласіпеда пры пакупцы. А калі яны згубіліся, пажадана сфатаграваць серыйны нумар рамы (як правіла, выбіты знізу яе). Таксама зусім не лішне будзе зрабіць фотаздымкі веласіпеда і яго асаблівых прыкмет, калі яны, вядома, ёсць. Такія меры аблегчаць пошук транспартнага сродку ў выпадку яго крадзяжу і дапамогуць даказаць, што гэта ваша маёмасць. Нядрэнна было б, вядома, калі б больш устанаўлівалася і камер відэаназірання.
— Якія існуюць тэхнічныя сродкі аховы веласіпедаў?
— Самы распаўсюджаны — велазамок. Для комплекснай аховы можна выкарыстоўваць і некалькі замкоў. Прычым розных відаў — тросавы, ланцуговы, U-lock (кароткая выцягнутая дуга з замочным прыстасаваннем). Галоўнае, каб вы іх не толькі набылі, але і карысталіся.
— Дзмітрый Яўгенавіч, якая адказнасць прадугледжана за крадзеж веласіпеда?
— Асоба, якая ўчыніла крадзеж веласіпеда, прыцягваецца да крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Крадзеж). За гэта злачынства прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе штрафу, папраўчых работ, арышту, абмежавання альбо пазбаўлення волі.
— А ці прадугледжана пакаранне за набыццё крадзенага веласіпеда?
— Аматары купляць рэчы сумніўнага паходжання ў незнаёмцаў, а таксама заведама крадзеныя рэчы, у тым ліку і веласіпеды, рызыкуюць таксама панесці пакаранне. Адказнасць прадугледжана артыкулам 236 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Набыццё альбо збыт матэрыяльных каштоўнасцей, заведама набытых злачынным шляхам).
Падводзячы высновы гутаркі з першым намеснікам начальніка РАУС-начальнікам крымінальнай міліцыі Дзмітрыем Антановічам, хочацца нагадаць, па-першае, пра тое, што самі ўладальнікі двухколавага транспарту павінны паклапаціцца пра яго захаванасць. Гэта дапаможа засцерагчы сябе ад непрыемнасцей, а работнікаў міліцыі — ад пошукаў. Па-другое, у выпадку крадзяжу веласіпеда неабходна неадкладна паведаміць пра здарэнне ў раённы аддзел унутраных спраў па нумары 102. Бо для раскрыцця злачынства дарагая кожная хвіліна.
Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц