Каб жніво не застала знянацку

71

Каб жніво не застала знянацкуКЛОПАТАЎ цяпер у вяскоўцаў хоць адбаўляй. Трэба нарыхтоўваць кармы на зіму, апрацоўваць пасевы, завяршаць будаўніцтва даільных залаў у гаспадарках, нарошчваць вытворчасць малака і мяса… А тут на чарзе яшчэ адна адказная кампанія — жніво, якое падагульвае ўсю працу хлебаробаў. Гадавую! Можна лічыць заканамерным, што гэта пытанне на чарговым пасяджэнні райвыканкама было асноўным. І сапраўды, наколькі мы гатовы да ўборкі ўраджаю? Як вынікала з інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэя Марозава, недапрацовак яшчэ хапае. Гатоўнасць камбайнаў пакуль — менш за шэсцьдзесят працэнтаў. На жніве іх будзе задзейнічана 87, сярэдняя нагрузка на кожны — 185 гектараў збажыны. Праблема ў тым, што да рамонту камбайнаў прыступілі яшчэ не ўсе гаспадаркі, дзе-нідзе адкрытым застаецца і пытанне наконт таго, хто на іх будзе ўбіраць хлеб. Найгоршая сітуацыя ў ААТ “Княгінін-Агра”, “Слабодская зара”, “Мядзелаграсэрвіс”, “Пруднікі-Агра”, “Зані”.

Хлебаробам азёрнага краю давядзецца ўбіраць праз лічаныя тыдні 16073 гектары збожжавых культур. Мяркуецца, што яны дадуць у свірнавай вазе больш за 45 тысяч тон хлеба. Заказ па яго продажы дзяржаве складае 7350 тон. Акрамя гэтага, на прыемныя пункты неабходна адправіць 3600 тон рапсу. Складскіх памяшканняў для захоўвання новага ўраджаю ў гаспадарках хапае, а для яго дапрацоўкі ёсць сорак тры сушыльныя комплексы, з якіх дваццаць два пераведзены на мясцовыя віды паліва. Да пачатку жніва капітальна адрамантуюць сушылкі “М-819” на ўнітарным прадпрыемстве “Габы-Агра”, у ААТ “Пруднікі-Агра” і “Мя¬дзельскае аграпрамэнерга”. Зноў жа, працаваць яны будуць на мясцовых відах паліва. З мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў на жніве, захавання правілаў пажарнай бяспекі і дарожна-транспартнай дысцыпліны, праведзены навучальны семінар з галоўнымі інжынерамі гаспадарак і спецыялістамі па ахове працы.

Свае заўвагі па актывізацыі ўсебаковай падрыхтоўкі да жніва з мэтай правядзення яго на высокім арганізацыйным узроўні выказалі таксама старшыня райвыканкама Ілья Шацько, начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Аляксандр Клімовіч, галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Мікішка, кіраўнік групы па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Аляксандр Піліпенка, які прыняў удзел у рабоце пасяджэння. Шэрагу кіраўнікоў таварыстваў, дзе ёсць праблемы па забеспячэнні камбайнерамі, з рамонтам тэхнікі да ўборачнай кампаніі, давялося трымаць справаздачы.

У прынятым на пасяджэнні райвыканкама рашэнні вызначаны канкрэтныя тэрміны для грунтоўнай падрыхтоўкі да жніва-2013. У прыватнасці, да 5 ліпеня патрабуецца завяршыць апрацоўку і дэзінфекцыю ўсіх збожжаскладоў, да 10 ліпеня — паставіць на лінейку гатоўнасці камбайны і падрыхтаваць да работы збожжаачышчальныя комплексы і вагавае абсталяванне. На перыяд жніва ў гаспадаркі з прадпрыемстваў і арганізацый раёна будзе прыцягнута неабходная колькасць механізатарскіх кадраў, а таксама супрацоўнікаў з шэфствуючых устаноў для выканання на вёсцы дапаможных работ. А вось наколькі кадры на месцах справяцца з пастаўленымі задачамі, будзе ясна па выніках выязнога пасяджэння райвыканкама. Яно, як адзначыў Ілья Шацько, будзе праведзена на базе асобных таварыстваў у межах з 12 па 15 ліпеня. Так што ўсім варта паспяшацца, бо часу застаецца зусім няшмат.

На пасяджэнні таксама разгледжана інфармацыя Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю па выніках праверкі ААТ “Слабодская зара”. З ёй прысутных пазнаёміў кіраўнік справамі райвыканкама Вадзім Рагавы. Калі коратка, хібаў у гэтай гаспадарцы кантралёры выявілі нямала: завышэнне кошту будаўніча-мантажных работ, прамаруджванне з завяршэннем рэканструкцыі малочнатаварнай фермы “Старына”, істотнае пагаршэнне асноўных паказчыкаў у жывёлагадоўлі, невытворчае выбыццё пагалоўя… Кіраўнік таварыства Уладзімір Жукоўскі раней вызвалены ад займаемай пасады, а матэрыялы праверкі накіраваны ў пракуратуру раёна для дачы прававой ацэнкі і прыняцця мер у адпаведнасці з заканадаўствам. Назіральнаму савету гаспадаркі за сур’ёзныя недапрацоўкі ў рабоце рэкамендавана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці галоўных спецыялістаў: заатэхніка Дзмітрыя Палітыку, бухгалтара Аляксандру Цівінскую, ветурача Расціслава Лубчанку, агранома Уладзіміра Седрысава, вядучага бухгалтара Таісію Пятровіч і некаторых загадчыкаў ферм, а яшчэ — спагнаць з вінаватых асоб грашовыя сродкі за неэфектыўнае выкарыстанне гаруча-змазачных матэрыялаў. Увага кіраўнікоў сельскагаспадарчых таварыстваў раёна звернута на тое, што каштарысы па рэканструкцыі, капітальным і бягучым рамонце, а таксама акты выкананых работ падраднымі арганізацыямі належаць абавязковаму ўзгадненню з інвестыцыйна-будаўнічым камунальным унітарным прадпрыемствам “УКБ-Мядзел”.

Карыснай для ўдзельнікаў пашыранага пасяджэння райвыканкама аказалася напрыканцы і гутарка з суддзёй абласнога Гаспадарчага суда Тамарай Бянчук. Тамара Аляксееўна адказала на пытанні прысутных, дала некалькі рэкамендацый, як трэба працаваць у выпадку ўзнікнення фінансавых непаразуменняў паміж суб’ектамі гаспадарання, каб не выкідваць грошы на вецер. Пры гэтым падкрэслівалася, што даўгоў, якіх не трэба вяртаць, не бывае.

Павел ЖУКАЎ.