Каб не гуляў «чырвоны певень»

136

Каб не гуляў «чырвоны певень»ПАЧАЛАСЯ вельмі важная сельскагаспадарчая кампанія — нарыхтоўка кармоў. Практыка паказвае, што не ўсе кіраўнікі і адказныя асобы сельгаспрадпрыемстваў выконваюць ускладзеныя на іх заканадаўствам абавязкі па захаванні пажарнай бяспекі. А таму іншы раз і гуляе «чырвоны певень», прыносіць многамільённыя страты. Прычыны пажараў розныя: дзіцячае свавольства з агнём, неасцярожнае абыходжанне з агнём дарослых, парушэнне правілаў эксплуатацыі тэхнікі, адсутнасць вартавой аховы і многія іншыя.
Каб захаваць кожную тону кармоў, патрэбна абавязкова выконваць наступныя патрабаванні:
— усе асобы, занятыя на нарыхтоўцы кармоў, павінны прайсці інструктаж пад роспіс, ведаць свае дзеянні на выпадак узнікнення пажару, умець карыстацца пярвічнымі сродкамі пажаратушэння;
— да работы на складах грубых кармоў, а таксама да іх нарыхтоўкі і перавозкі дапускаць тэхніку з адрэгуляванымі сістэмамі сілкавання, запальвання і ахалоджвання, якая абсталявана іскрагасільнікамі, сродкамі пажаратушэння і інвентаром. Тыя часткі рухавіка, якія моцна награваюцца, патрэбна закрываць ахоўнымі металічнымі кажухамі.
Пры сціртаванні грубых кармоў належыць таксама прытрымлівацца правілаў бяспекі. Сцірты павінны быць абараныя паласой шырынёй не менш за 4 метры на адлегласці 15 метраў ад асновы. Плошча асновы сцірты не павінна перавышаць 150 квадратных метраў,
а штабеля цюкаванага сена ці саломы —
500 квадратных метраў. Разрывы паміж штабялямі ці сціртамі — не менш за 20 метраў. Адлегласць ад штабеля ці сцірты да электралініі — не менш за 15 метраў, да дарогі — 20.
Кармы з павышанай вільготнасцю нельга складваць у сцірты ці штабелі. Патрэбна арганізаваць штодзённы тэмпературны кантроль складзеных кармоў. Пры вільготнасці звыш 17 працэнтаў абавязкова дасушваюць. У памяшканне складоў уваход пабочным асобам варта забараніць. Дзверы і вароты патрэбна зачыніць.
Усе, хто працуе на нарыхтоўцы кармоў, павінны памятаць, што асноўнай прычынай пажараў з’яўляецца курэнне. Таму яно, а таксама карыстанне адкрытым агнём, развядзенне вогнішчаў на ўчастках складзіравання кармоў, месцах на адлегласці менш за 30 метраў ад іх не дапускаецца. На палявых станах курыць можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах на адлегласці не менш за 4 метры ад тэхнікі і гаручых матэрыялаў.

І. КАРАПЕЦЯН.
Інспектар групы прапаганды і
навучання раённага аддзела
па надзвычайных сітуацыях,
старшы лейтэнант унутранай службы.