Каб лес стаў сябрам

73

Каб лес стаў сябрамПОШУКІ без вестак прапаўшых асоб з’яўляюцца адным з важных накірункаў работы крымінальнага вышуку РАУС. На дадзены момант вышукваецца 13 чалавек. Як правіла, людзі знікаюць, паехаўшы за межы Беларусі на заробкі, значная частка — пажылыя, якія напярэдадні пайшлі ў лес за грыбамі, ягадамі, а дадому не вярнуліся. Прычыны, па якіх знікаюць старыя людзі — гэта іх слабая фізічная вынослівасць, хваробы. Як правіла, у лес ходзяць адны, рэдка хто з іх карыстаецца мабільнай сувяззю, запасаў ежы і піцця з сабой не бяруць, куды канкрэтна ідуць — нікому не кажуць. На цяперашні момант у вышуку знаходзяцца наступныя асобы, якія зніклі ў лясных масівах: Антаніна Браніславаўна Жалубоўская, 1921 года нараджэння, жыхарка в. Церлюкі; Іван Якаўлевіч Варанец, 1941 года нараджэння, жыхар в. Чэхі; Сігізмунд Францавіч Скроцкі, 1932 года нараджэння, жыхар аг. Будслаў; Алена Якаўлеўна Баслык, 1920 года нараджэння, жыхарка в. Трыданы; Мікалай Андрэевіч Папок, 1938 года нараджэння, жыхар г. п. Крывічы; Аляксей Мікалаевіч Пыск, 1994 года нараджэння, жыхар в. Вераб’і. Ёсць падставы меркаваць, што яны заблукалі ў лесе, па прычыне фізічных недахопаў не змаглі знайсці дарогі дадому і загінулі.

Каб папярэдзіць такі зыход, усім састарэлым грамадзянам, якія накіроўваюцца ў лес, неабходна выконваць элементарныя меры перасцярогі: не хадзіць адным, абавязкова казаць родным, суседзям пра месца збору дароў лесу, браць з сабой запасы піцця і ежы, компас, запалкі, мабільны тэлефон з поўнасцю зараджанай акумулятарнай батарэяй, наведваць толькі добра знаёмыя лясы, не хадзіць далёка, старацца абыходзіць забалочаныя месцы. Калі вы ўсё ж такі заблукалі, не трэба панікаваць і кідацца ў невядомым накірунку. Трэба супакоіцца, адпачыць, паспрабаваць вызначыць сваё месцазнаходжанне і накірунак выхаду з лесу па сонцы, іншых прыкметах (размяшчэнне моху, галінак на ствалах дрэў), прыслухацца, ці няма побач шуму ад транспартных сродкаў з трасы. Калі вы патэлефанавалі ў міліцыю, МНС, родным пра тое, што заблукалі, неабходна заставацца на месцы, па магчымасці паведаміць свой маршрут перамяшчэння. Падчас правядзення выратавальнымі службамі пошукавых мерапрыемстваў паведамляць пра сваё месцазнаходжанне крыкамі, ударамі па ствалах дрэў, развесці вогнішча.

Пры выкананні гэтых правілаў збор грыбоў і ягад стане для вас бяспечнай і карыснай справай.

А. КАБЯК.

Начальнік АКВ Мядзельскага РАУС.