Каб гром не грымнуў …

80

Каб гром не грымнуў …Сёлета ў раёне назіраецца рост пажараў. Асабліва напружаная сітуацыя ў гэтым плане склалася ў Нарацкім і Слабодскім сельсаветах, дзе ўзгаранні прывялі да гібелі людзей. А прычыны банальныя: неасцярожнае абыходжанне з агнём, знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак.

Што тычыцца апошняга, варта памятаць, што электрычныя прыборы нясуць вялікую небяспеку. Таму, выходзячы з дому, заўсёды выключайце прасы, чайнікі, кававаркі, пральныя машыны, тэлевізары. Карыстайцеся толькі прыборамі, якія прайшлі сертыфікацыю, не перагружайце электрасетку. І яшчэ. Калі часта перагараюць засцерагальнікі, звярніцеся за дапамогай да электрыка, бо гэта адна з прычын няспраўнасці электраправодкі.

З надыходам асенне-зімовага перыяду стварае нямала праблем (асабліва у сельскай мясцовасці) пячное ацяпленне. Прычынай узгарання тут можа быць як парушэнне правілаў устройства печы, так і не выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печы. Патрабаванні гэтыя простыя, мы неаднаразова даводзілі іх да ведама насельніцтва. І зараз, не чакаючы моцнага холаду, неабходна кожнаму гаспадару праверыць стан прыбораў ацяплення і неадкладна выправіць недахопы.

Работнікі МНС пры праверцы домаўладанняў не толькі выдаюць рэкамендацыі і прадпісанні. Яны надзелены правам прымаць у адносінах да грамадзян, якія злосна парушаюць правілы пажарнай бяспекі, меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Калі ж гаспадар рэальна ўсведамляе ўсю небяспеку і ў вызначаныя тэрміны ўхіляе непаладкі, штрафаваць яго ніхто не будзе.

Нагадаем таксама, што дапаможа вам абараніць жыццё і маёмасць аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Прызначаны ён для выяўлення дыму ў памяшканні. Гэты прыбор мае высокую адчувальнасць і дазваляе зафіксаваць узгаранне ўжо на ранняй стадыі.

Д. МАЛЬКО.

Інспектар ІДПН РАНС.