Інтарэсы прафсаюзаў у прыярытэце

135

Інтарэсы прафсаюзаў у прыярытэцеПАВАЖАНЫЯ працаўнікі аграпрамысловага комплексу раёна, жыхары сінявокай Мядзельшчыны! Ад усёй душы віншуем вас са Святам працы!

Для многіх з нас надыход вясны асацыіруецца з Першамаем. У гэтыя дні кожны беларус укладвае часцінку сябе ў агульную справу — пабудову моцнай дзяржавы.
Мы выказваем павагу і шчырыя словы падзякі работнікам аграпрамысловага комплексу раёна, перадавікам вытворчасці, хлебаробам і жывёлаводам — усім разам і кожнаму асобна, хто сваёй самаадданай працай робіць нашу краіну больш багатай і прыгожай, усім, хто, не шкадуючы сіл, прафесійна і якасна выконвае свае абавязкі. Няма сумненняў, што працавітасць і гаспадарлівасць жыхароў Мядзельшчыны стануць добрым прыкладам для маладых людзей, у руках якіх будучае Беларусі.
У Год малой радзімы праца на карысць роднай зямлі асабліва актуальная. Толькі разам, аб’яднаўшыся ў адну дружную
сям’ю, мы зможам захаваць і памножыць усё добрае, што дасталося нам у спадчыну ад прадзедаў і што мы паспелі стварыць за гісторыю нашай маладой і незалежнай краіны.
Усім жыхарам Мядзельшчыны жадаем моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, аптымізму, цудоўнага настрою, больш светлых і сонечных дзён!
Райкам прафсаюза работнікаў АПК.

__________________________________________________________________________________________________

1 мая для прафсаюзаў не толькі “прафесіянальнае” свята, але і дзень, калі падводзяцца вынікі зробленага за працоўны год. З якім настроем адзначае адметную дату календара раённае аб’яднанне прафсаюзаў? Пра гэта расказвае яго старшыня Святлана ЧАРНЯЎСКАЯ:

— Раённае аб’яднанне прафсаюзаў — самая шматлікая грамадская арганізацыя. Яна налічвае ў сваіх радах каля 9000 чалавек. У складзе аб’яднання — 84 пярвічныя і 4 раённыя прафсаюзныя арганізацыі, якія прадстаўляюць 12 галіновых прафсаюзаў, што ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Каб ісці ў нагу з часам, прыярытэтнымі задачамі былі і застаюцца рост дабрабыту, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу на аснове паляпшэння эфектыўнасці функцыянавання сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры, удасканальвання сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця. У сваёй рабоце прафсаюзныя арганізацыі кіруюцца калектыўнымі дагаворамі, дзе адлюстраваны ўсе пытанні, якія датычаць сацыяльнай абароны чалавека працы.
У тым ліку забеспячэнне санітарна-бытавога і лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання, арганізацыя харчавання, меры па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў і маладых спецыялістаў.
— Чым яшчэ канкрэтна займаліся прафсаюзныя арганізацыі азёрнага краю?
— На працягу года праводзіліся маніторынгі выплаты заработнай платы работнікаў, а таксама ўмоў працы і быту маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў раён у 2015-2017 гадах. У летні перыяд прафсаюзныя арганізацыі выдзялялі сродкі для патаннення пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Усяго летась змаглі адпачыць у іх 738 дзяцей. У рамках пастаянна дзеючай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям” была аказана дапамога 91 шматдзетнай сям’і, 395 вучням, у тым ліку 86 першакласнікам. У перыяд навагодніх святаў акцыя “Прафсаюзы — дзецям” актыўна прадоўжылася. Падчас яе дзеці членаў прафсаюзаў, са шматдзетных, малазабяспечаных, няпоўных сем’яў, дзеці-інваліды змаглі далучыцца да розных урачыстасцей рэспубліканскага, абласнога, раённага ўзроўняў і нават пабываць на Галоўнай ёлцы краіны. Акрамя таго, у выкананне рашэнняў VII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па развіцці ўнутранага экскурсійнага турызму для членаў прафсаюзаў было арганізавана 7 экскурсій. Прымалі яны ўдзел таксама ў суботніках, сустрэчах, канцэртных праграмах, абласной акцыі “Жывёлавод”, конкурсах прафесійнага майстэрства, многіх іншых мерапрыемствах.
— Святлана Анатольеўна, ведаю, што праводзіўся раённы конкурс на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю. Раскажыце пра яго пераможцаў.
— Вынікі конкурсу, у якім прынялі ўдзел 12 пярвічак, падвялі на пасяджэнні Прэзідыума Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Першае месца заняў НДЦ “Зубраня” (прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі), другое — УП “Мядзельская ЖКГ” (прафсаюз работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў), трэцяе — Мядзельская ЦРБ (прафсаюз работнікаў аховы здароўя). На пасяджэннях Савета разглядаліся і іншыя актуальныя пытанні. У прыватнасці, аб рабоце прафсаюзных арганізацый па выкананні асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Дзейнасць раённага аб’яднання, арганізацый галіновых прафсаюзаў перыядычна асвятляецца ў “Нарачанскай зары”, змяшчаецца на сайтах райвыканкама, раённай газеты, аддзела адукцыі, спорту і турызму райвыканкама, УП “Мядзельская ЖКГ”, установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”, здраўніц, Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
— Прафсаюзы пастаянна выступаюць у падтрымку працоўных…
— Так. Яны распрацавалі і перадалі на разгляд Урада звыш 40 прапаноў па дапаўненнях у праект закона па змяненні Працоўнага
кодэкса. У тым ліку — аб абмежаванні няпоўнага працоўнага дня.

А менавіта, каб пры змяненні істотных умоў працы ўстанаўліваўся няпоўны рабочы дзень працягласцю не менш за палову яго звычайнай працягласці, што дапаможа ўстараніць праблему скрытага скарачэння. Яшчэ адна прапанова — прадаўжаць альбо перазаключаць кантракты з добрасумленнымі работнікамі на максімальна працяглы тэрмін, альбо пераводзіць іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый.
— З мая мінулага года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць так званы “народны” маніторынг цэнаў на сацыяльна значныя тавары і паслугі. А ці праходзіць ён на Мядзельшчыне?
— Прафсаюзы аналізуюць рэальныя цэны ў магазінах і супастаўляюць іх з даходамі людзей. З чэрвеня мінулага года раённае аб’яднанне прафсаюзаў таксама ажыццяўляе такі маніторынг. А арганізоўвала яго рабочая група, створаная ў раённым аб’яднанні прафсаюзаў, у магазінах “Галінка бэзу” і “Еўраопт”.
— 22 верасня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падпісала пагадненне аб узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Як яно рэалізоўваецца ў раёне?
— Падчас штомесячнага рэспубліканскага прававога прыёму грамадзян у раённым аб’яднанні прафсаюзаў і ў арганізацыях дапамогу прававых інспектараў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі атрымалі 18 жыхароў раёна. Пытанні былі самыя розныя: купля-продаж жылога дома, які належыць сельгаспрадпрыемству, прымяненне кантрактнай формы найму, перыядычнасць і тэрміны выплаты заробку, выбар формы працоўнага дагавора, выплата матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне. Уваходзяць у практыку і сумесныя з пракуратурай прававыя прыёмы грамадзян. Не так даўно ў нас праводзілася нарада прафактыву па выкананні заканадаўства аб карупцыі з запрашэннем пракурора раёна.
— Нядаўна адзначаўся Сусветны дзень аховы працы. Мяркую, што шмат у дадзеным накірунку робяць і прафсаюзы?
— Ахова працы — адно з галоўных пытанняў дзейнасці прафсаюзаў. У лістападзе мінулага года ў 10 арганізацыях раёна рэйдавай групай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праводзіўся маніторынг па ахове працы. Па выніках яго выдадзены рэкамендацыі на ўхіленне выяўленых парушэнняў. Летась пры маім непасрэдным удзеле было арганізавана 28 маніторынгаў, у тым ліку ў арганізацыях АПК — 18, у будаўнічых — 3, іншых — 7. Выяўлена 677 парушэнняў, якія датычаць пытанняў аховы працы. А ўвогуле было праведзена за мінулы год 96 маніторынгаў, падчас якіх зафіксаваны 1233 парушэнні. Шмат дзе абсталяваны кабінеты па ахове працы. У прафсаюзных арганізацыях працуюць грамадскія інспектары, якія ажыццяўляюць штодзённы і штомесячны кантроль за аховай працы. Праўда, не зважаючы на гэту работу, у раёне ў 2017 годзе адбыліся два цяжкія выпадкі траўматызму (ААТ “Сваткі”, ДПУ “Нацыянальны парк “Нарачанскі”), з іх адзін — са смяротным зыходам. А таму раённаму аб’яднанню прафсаюзаў, райкамам галіновых прафсаюзаў і пярвічным прафсаюзным арганізацыям ёсць над чым працаваць у дадзеным накірунку і надалей.
— Святлана Анатольеўна, што б вы хацелі сказаць мядзяльчанам напярэдадні Першамаю?
— Па-першае, мы, прафсаюзныя актывісты, шчыра віншуем усіх жыхароў раёна са Святам працы — 1 Мая. Жадаем, каб у кожнага была любімая справа, якая б прыносіла задавальненне для душы і карысць Айчыне. Давайце ў Год малой радзімы зробім мілую сэрцу Мядзельшчыну яшчэ больш чыстай і прыгожай. Няхай слава пра наш ціхі, маляўнічы куточак зямлі Беларускай, яго шчырых, працавітых людзей разносіцца далёка ў свеце.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.