Ігар Чырык — сапраўдны гаспадар

63

Ігар Чырык -- сапраўдны гаспадарПРОЗВІШЧА Чырык вядома многім жыхарам Нарацкага сельсавета. Іх сям’я ў 1981 годзе прыехала на Мядзельшчыну з Гомельшчыны. Гаспадар уладкаваўся на работу слесарам-водаправодчыкам. Жонка таксама працавала ў здраўніцы. Атрымалі кватэру ў курортным пасёлку. Ігар Паўлавіч усё ў ёй давёў да ладу. Нездарма ж да прыезду ў азёрны край шчыраваў у асноўным на будоўлях: быў цесляром, бетоншчыкам, слесарам-мантажнікам. Вызначаўся руплівасцю і адказнасцю. Такім запомніўся ён многім і на Мядзельшчыне.

Здавалася, усё ішло добра. Прыжыліся на новым месцы, абуладкаваліся, дзеці знайшлі сабе новых сяброў, самі заслужылі людскую павагу. Але нечакана бяда пастукала ў дзверы іх кватэры. Муж рэзка пачаў страчваць зрок, а ў хуткім часе ўвогуле атрымаў II групу інваліднасці. Аднак ні ён, ні яго родныя не сталі адчайвацца. Дзякуючы падтрымцы блізкіх Ігар Паўлавіч не адчуваў сябе пакрыўджаным лёсам. Наадварот, хвароба прымусіла яго па-іншаму паглядзець на жыццё, узаемаадносіны. Блізка да сэрца ён успрымаў гора іншых людзей і чым толькі мог, стараўся ім дапамагчы. Асабліва адчувальнай была яго падтрымка “сябрам” па няшчасці, калі ён узначальваў раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Апошнім часам ён з’яўляецца намеснікам старшыні названага таварыства. Хто б ні звярнуўся да Ігара Чырыка за дапамогай — ніколі і нікому ні ў чым не адмовіў, па магчымасці стараўся вырашыць усе пытанні, якія прывялі да яго людзей. Гэта ўвогуле вельмі шчыры, неабыякавы чалавек. А яшчэ і надзвычай працавіты. Зараз Ігар Паўлавіч разам з жонкай жыве ў вёсачцы Слукі, займаецца дамашняй гаспадаркай. А яна ў Чырыкаў сапраўды немалая. Ёсць куры, алтайскія горныя козы, конь, в’етнамскія свінні. Апошніх яны вырошчваюць для сябе ўжо шэсць гадоў.

У Ігара Паўлавіча і Тамары Аляксандраўны тры дачкі. Усе яны дарослыя. Адна абсталявалася на Мядзельшчыне, другая — у Смалявічах, а малодшая — у Мінску. Яна працуе таваразнаўцам і завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. Маюць бабуля з дзядулем двух унукаў, чакаюць з’яўлення на свет і яшчэ аднаго малыша.

Вось такі чалавек жыве ў нас у азёрным краі. Усім задаволены. Ні на што не скардзіцца, нічога не патрабуе. З дня ў дзень рупліва завіхаецца на ўласным падворку. Як упэўнілася, менавіта праца не дазваляе яму зацыкліцца на хваробе. Больш таго, яна дае сілы жыць і адчуваць сябе патрэбным — жонцы, дзецям, унукам, сябрам, знаёмым. І няхай так будзе заўсёды.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.